Аб'ектыў 06.03.2019 Абвешчаны працяг дзейнасці чэкаў «Маёмасць» да канца 2020 г.


Гэткім чынам, кожны чалавек, які валодае гэтымі чэкамі, яшчэ можа абмяняць іх на акцыі дзяржаўных прадпрыемстваў. Дзеля гэтага патрэбна прыйсці ў аддзяленне «Беларусбанку» паводле месца жыхарства і там атрымаць спіс адпаведных прадпрыемстваў.

«Цяпер у нас вельмі мала эфектыўных прадпрыемстваў засталося, куды можна ўкладаць. Наўкол банкруты – большасць банкрутаў або з нулявым прыбыткам. Таму ўкласці ў эфектыўнае прадпрыемства наўрад ці атрымаецца», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

І сапраўды – магчымыя дывідэнды ад акцыяў большасці прадпрыемстваў, дасяжных для прыватызацыі цяпер, не перавышаюць аднаго рубля за акцыю на год. У той жа момант, адмыслоўцы кажуць і пра станоўчыя прыклады. Гэтак, некаторыя жыхары Менску стабільна атрымліваюць дывідэнды ад ААТ «Мапід», якое лічыцца найбольш паспяховым прадпрыемствам для ўкладання чэкаў. Праўда, цяпер яно сваіх акцыяў не прапаноўвае.

Дзяніс Кольга, заснавальнік «Minsk Shapers Hub», распавядае:

«Найлепшы быў 2014 год, калі пры кошце акцыі прыблізна 9 500 рублёў за акцыю дывідэнды складалі больш як 5 500 рублёў за паўгоддзе. То бок больш за 11 тысячаў рублёў на год. То бок больш як 100 % гадавых. Дэпазіты плачуць ад зайздрасці. Вядома, цяпер часы пагоршыліся, «Мапід» ужо не такі добры, але я веру, што яго слаўныя часы яшчэ вернуцца».

У Беларусі, у адрозненне ад іншых краінаў, усе чэкі іменныя і могуць быць выкарыстаныя толькі самім уладальнікам або ягонымі блізкімі.

«Насельніцтва самое амаль нічога не атрымае, калі не будзе арганізоўвацца і ствараць прыватызацыйныя фонды. У нас такі першы фонд з’явіўся ў 95 годзе, але Лукашэнка яго проста разагнаў літаральна сваім распараджэннем – «закрыць прыватнае прадпрыемства», – гаворыць Леанід Злотнікаў.

Паралельна з працягненнем тэрмінаў дзейнасці чэкаў «Маёмасць«, кажуць эксперты, дзяржава робіць усё магчымае, каб не дапусціць вялікай долі прыватнай уласнасці ў больш-менш важных для ўладаў прадпрыемствах. Гэтак, усе, хто ўклаў чэкі ў акцыі ААТ «Паліграфкамбінат Якуба Коласа», амаль страцілі свае грошы. Дзяніс Кольга, заснавальнік «Minsk Shapers Hub»:

«Дзяржава вырашыла правесці размыццё долі мінарытарыяў, якая складала 20 %, шляхам уліцця Менскай фабрыкі друку ў склад Паліграфкамбінату Якуба Коласа. У адваротным выпадку на долю мінарытарыяў прыпадала б каля 8 мільёнаў долараў. Нават пасля размыцця долі мінарытарыяў да 1 % нашая доля мусіла складаць ад 400 да 800 тыс. долараў. Але нават гэтыя грошы ўказам прэзідэнта забралі ў бюджэт».

У той жа момант, дасюль на руках у беларусаў застаецца каля 40 % усіх выпушчаных чэкаў.

Чэкі «Маёмасць» – пэўна адзіныя дакументы пад знакам Пагоні, якія яшчэ маюць сілу ў сучаснай Беларусі. Невялікі адгалосак тых часоў, калі ў краіне пачыналіся рынкавыя рэформы, раптоўна адкладзеныя пасля выбараў 1994 года на нявызначаны час.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары