Абураныя акумулятарным заводам берасцейцы хочуць адхіліць ад улады чыноўнікаў


Адхіліць ад улады мясцовых чыноўнікаў у сувязі са стратаю даверу хочуць у Берасці. Пра збор подпісаў на падтрыманне гэтай ініцыятывы паведамілі падчас прэс-канферэнцыі праціўнікі будаўніцтва патэнцыйна небяспечнага акумулятарнага заводу. Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы чарговы раз заявілі, што ўлады не чуюць людзей, і звярнуліся да берасцейцаў.

Людзей заахвочваюць падпісацца за адхіленне кіраўніцтва Берасця, Берасцейскага раёну і вобласці ад сваіх пасадаў – «у сувязі са стратаю даверу грамадскасці». Подпісы пад такім патрабаваннем плануюць скіраваць Лукашэнку. Збор распачнуць ужо заўтра. Паводле актывістаў, берасцейскія мясцовыя ўлады дазволілі будаваць акумулятарны завод, правёўшы грамадскія абмеркаванні з парушэннем закону.

«Усе тыя, да каго мы пісьмова звярталіся даць інфармацыю пра ступень небяспекі аб’екту, давалі адпіскі, складзеныя быццам пад капірку, адной і тою ж зацікаўленай асобай», – кажа актывіст кампаніі супраць заводу Майсей Мазько.

Абураныя берасцейцы адзначаюць, што ўлады хаваюць ад іх вынікі экалагічных экспертызаў ды інфармацыю пра свінцовыя выкіды белаазёрскага заводу. Да прыкладу, з адказу Берасцейскага аблвыканкаму актывістам вынікала, што шкоду, якую гэтыя адкіды нанеслі навакольнаму асяроддзю, пакрылі ў добраахвотным парадку ў поўным аб’ёме. Хто, як і калі «пакрыў шкоду навакольнаму асяроддзю», чыноўнікі не ўдакладняюць.

«Я была ў Зялёным Бары. Я была каля гэтых адкідаў, бачыла іх на ўласныя вочы. Яны струменяць жудасны пах. Там немагчыма быць. Слёзы цякуць! Гэта сапраўды вельмі атручвае. Нават 10–15 хвілінаў там немагчыма быць. Гэтыя адкіды ляжаць папросту ў адкрытым доступе», – абураецца актывістка Кацярына Чорная.

22 лютага амаль 40 тыс. подпісаў і зварот на 14 старонак з указаннем усіх парушэнняў пры арганізацыі будоўлі заводу былі скіраваныя ў Адміністрацыю кіраўніка краіны. Па выніку ўлады стварылі камісію, якая мелася адказаць на ўсе пытанні грамадзянаў. Таксама беспаспяхова.

«Цалкам зразумела, што гэткая абыякавасць можа тварыцца толькі ў тым выпадку, калі кіраўніцтва Берасцейскага раёну, гораду Берасця, Берасцейскай вобласці мае выгаду пры запуску гэтага акумулятарнага заводу любою цаною», – мяркуе актывіст кампаніі супраць заводу Дзмітрый Бекалюк.

Першы пускавы комплекс берасцейскага заводу акумулятарных батарэяў мае распачаць працу ўжо напрыканцы гэтага года. Эфект ад працы прадпрыемства ўлады разлічваюць ужо цяпер – $ 4,5 млн гадавых паступленняў у бюджэт за кошт перапрацоўвання 13 тыс. тонаў свінцу.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu, фотаздымак на застаўцы да відэа nsn.fm