АБСЕ сочыць за тым, як беларускія ўлады ставяцца да журналістаў


Прадстаўнік АБСЕ ў пытаннях свабоды медыяў Арлем Дэзір ужо неаднаразова выказваўся аб становішчы незалежных медыяў у нашай краіне. Але ці атрымаецца ў яго данесці сваё меркаванне да ўладаў Беларусі на фоне ўзмоцненага кантролю ў айчынным інфармацыйным полі?

У праграме трохдзённага візіту Дэзіра ў Беларусь – сустрэчы як з прадстаўнікамі дзяржаўных структураў, гэтак і з незалежнымі медыямі ды сябрамі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні БАЖ, распавядае:

«Мэта гэтай паездкі яшчэ і ў тым для нас, каб пытанне свабоды медыяў заўсёды гучала ў парадку дня перамоваў Беларусі і Еўропы, у высокіх сустрэчах. Каб афіцыйны Менск заўсёды ведаў, што Еўропа і іншыя краіны свету назіраюць за тым, як дзяржава ставіцца да журналістаў, і гэта заўсёды будзе заўважана».

На фоне візіту прадстаўніка АБСЕ сёння прайшоў суд на журналісткаю «Белсату». Вольгу Чайчыц судзілі за асвятленне пратэстаў у Курапатах, чарговы раз паводле артыкулу 22.9 – выраб матэрыялаў для замежных медыяў без акрэдытацыі. Прысуд – штраф 20 базавых для нашай калегі. Вольга Чайчыц, журналістка «Белсату», кажа:

«У пратаколе было напісана, што я на працягу двух содняў была ў Курапатах і здзейсніла правапарушэнне. Я ўказвала на судзе, што не ўсталяваны час, няма ніякіх доказаў. Тады выклікалі міліцыянта, які сказаў, што таксама не памятае, якім чынам вызначалі, калі я там была, ці ёсць доказы нейкія, ці няма, таксама не памятае. І ў выніку суддзя прыняла рашэнне, што я ўсё-такі вінаватая».

Прысуд галоўнай рэдактарцы Tut.by Марыне Золатавай у «справе БелТА» Арлем Дэзір публічна назваў празмернымі захадамі праваахоўных органаў, а таксама выказаў занепакоенасць магчымым пагаршэннем сітуацыі для беларускіх незалежных медыяў.

«Зноўку-такі, трэба мець на ўвазе, што ў нас наперадзе – дзве вялікія палітычныя кампаніі. А палітычныя выбарчыя кампаніі – гэта заўсёды вялікая колькасць затрыманняў у Беларусі, на жаль, вялікая колькасць адміністратыўных справаў і перашкодаў журналістам», – папярэджвае Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні БАЖ.

Адпаведна, пакуль улады з трыбунаў выказваюць жаданне развіваць плюралізм меркаванняў, ціск на незалежных журналістаў толькі ўзмацняецца. І тэндэнцыі да паляпшэння не відаць і блізка.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu