Аблава на Press Club Belarus

Журналісты і не толькі ведаюць «Press Club Belarus» як пляцоўку, дзе праходзяць дыскусіі на грамадска важныя тэмы, трэнінгі і майстар-класы па журналістыцы. Яшчэ арганізацыя маніторыла працу медыяў. Аднак сёння вывучалі дзейнасць ужо самой арганізацыі.

Першаю затрымалі заснавальніцу і старшыню «Press Club Belarus» Юлію Слуцкую – проста ў аэрапорце, па прыбыцці ў Менск.

«Адкрылі валізку, для віду паперакладвалі штосьці, нейкія рэчы і выпісалі пратакол агляду рэчаў і адпусцілі, сказалі, што Юля хутка выйдзе. Я чакала 40 хвілін, гадзіну, яна не выйшла, пазней высветлілася, яе павезлі дадому, удома правялі ператрус чалавек 10 у цывільным, падагналі бус і ўвезлі, як мне сказалі, у ДФР», – кажа Аляксандра, дачка Юліі Слуцкай.

У Дэпартамент фінансавых расследаванняў для паказанняў забралі і іншых кіраўнікоў прэс-клубу. Ужо пазней Камітэт дзяржкантролю згадаў, што арганізацыю правяраюць на падаткі і грошы, атрыманыя з-за мяжы. Аднак найперш завіталі ў памяшканне, дзе медыйнае аб’яднанне арандуе офіс, гэта завод «Гарызонт». Прыйшлі з ператрусамі і да менеджараў Сяргея Якупава і Сяргея Альшэўскага. У апошняга, паводле сваякоў, забралі карткі і працоўны ноўтбук. Прыйшлі і да праграмнай дырэктаркі прэс-клубу Алы Шарко. Дзверы ў кватэру пачалі выломваць. Паведаміць пра здарэнне Ала Шарко паспела ў Беларускую асацыяцыю журналістаў.

На якой падставе праводзілі аператыўныя дзеянні, аператыўнікі не патлумачылі. Паводле месца жыхарства Алы Шарко праз 10 хвілінаў пасля сігналу прыехаў адвакат Сяргей Зікрацкі. Аднак увайсці ў кватэру не ўдалося. Так званыя праваахоўнікі папросту выставілі абаронцу, не даўшы тлумачэнняў.

«Я не ведаю, што там адбываецца, магу здагадвацца, што гэта ператрус, аднак дакладна мне не вядома. Мне таксама не вядома, у дачыненні каго гэтыя следчыя дзеянні адбываюцца, таму што, наколькі я разумею, там, як мінімум, дзве паўнагадовыя асобы», – распавёў адвакат Сяргей Зікрацкі.

Тлумачэнняў не атрымалі і журналісты, якія прыехалі на месца падзеяў. Намеснік галоўнага рэдактара выдання «Наша ніва» Андрэй Скурко, журналістка «Онлайнэра» Таццяна Ашуркевіч, журналіст «Медиазоны» Антон Мардзіловіч затрыманыя ля дому, дзе жыве Ала Шарко. Усіх нібыта для правярання дакументаў адвезлі ў РУУС Маскоўскага раёну сталіцы, аднак пазней адпусцілі. Алу Шарко адвезлі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў для паказанняў.

Юлія Лабанава belsat.eu

Глядзі таксама