Аб'ектыў 02.03.2017 Абаронцы Курапатаў перамаглі: бізнесоўцы прыслухаліся да народу


Ужо амаль два тыдні доўжыцца кругласутачная вахта супраць будоўлі бізнес-цэнтра у ахоўнай зоне ля мемарыяльнага комплексу Курапаты. Холад, снег, дождж, сутычкі і нават бойкі з будаўнікамі і правакатарамі… Здаецца, што высілкі мелі плён.

І яны сышлі

Будаўніцтва бізнес-цэнтру ля народнага мемарыялу «Курапаты» спыненае. Сёння забудоўнік вывез з пляцоўкі будаўнічыя матэрыялы і тэхніку. Аднак абаронцы Курапатаў лічаць, што святкаваць перамогу яшчэ рана.

«Будзем стаяць тут столькі, колькі трэба будзе. Прынамсі да той пары, пакуль не знясуць сам плот, вярнуць усё як было раней, каб не было новай ніякай будоўлі», – распавёў Уладзь Яроменак, актывіст «Маладога Фронту».

Забудоўнік – дырэктар «Белцяжмашу» Ігар Анішчанка, і выканаўца работаў для ўзвядзення пяціпавярховага бізнес-цэнтру – дырэктар «Белрэканструкцыі» Сяргей Несцераў – сёння заявілі, што катэгарычна адмовіліся працягваць будаўніцтва. Гэта стала вядома пасля іхнай сустрэчы з прадстаўніком абаронцаў Курапатаў Змітром Дашкевічам.

«Уладальнікі гэтай забудовы сёння мяне запэўнілі, што яны тут нічога не будуць будаваць. Грамадскае супрацьстаянне ім абсалютна не падабаецца. Сёння мы бачым, што вывозіцца маёмасць, заўтра забяруць рэшткі. У панядзелак тут ужо мусіць быць «Зелянбуд» – раўняць пляцоўку», – зазначыў Зміцер Дашкевіч, лідар «Маладога Фронту».

Межы ахоўнай зоны – перш за ўсё!

Тым часам прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў цягам тыдня будуць рабіць неабходныя захады, каб вызначыць межы ахоўнай зоны вакол Народнага мемарыялу. Толькі такім чынам можна пазбегнуць новай пагрозы забудовы месца масавага пахавання ахвяраў камуністычнага тэрору забаўляльнымі цэнтрамі альбо офіснымі гмахамі.

«Вельмі важная мэта – дабіцца, каб Міністэрства культуры зацвердзіла пастанову, каб узаконіць належныя межы ахоўнай зоны Курапатаў. Трэба, каб Курапаты мелі такі самы статус як мемарыял «Хатынь», – тлумачыць Аляксей Янукевіч, старшыня БНФ.

Калі будаўнікі вывозяць тэхніку і матэрыялы, то абаронцы Курапатаў, наадварот, пашыраюць тэрыторыю лагеру. Заўтра, у пятніцу, адбудзецца сход прадстаўнікоў грамадскага руху і жыхароў мікрараёну, на якім будзе зацверджаная далейшая тактыка супольных дзеянняў. Напрыканцы акцыі запланаваны канцэрт з удзелам беларускіх музыкаў.

Любоў Лунёва, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары