Аб'ектыў 16.10.2018 Абаронцы Курапатаў паспрачаліся з археолагамі


Сёння археолагі і спецтэхніка зноў прыбылі ў Курапаты, каб працягнуць працы для ўсталявання памятнага знаку забітым ва ўрочышчы. Прыйшлі і актывісты – у выніку адбылася гарачая дыскусія пра месца размяшчэння памятнага знаку, а таксама пра неабходнасць упарадкаваць тэрыторыю мемарыялу.

Вадзім Кошман, аддзел археалогіі сярэднявечча і новага часу Інстытуту гісторыі НАНБ:

«Патрабаванне археолагаў у тым, каб уся плошча, якая будзе займацца помнікам, была раскапаная. Гэта каля 3х3 метры. Гэта абсалютна невялічкая плошча. Плануецца, што яна будзе даследавана як мінімум да глыбіні двух метраў, каб зняць усе пытанні пра магчымыя пахаванні – паглядзець, ёсць тут ці няма чаго».

Яшчэ раней на тэрыторыі ўрочышча выкапалі частку водаадводнай траншэі, а таксама пачалі будаваць дарогу да гэтак званай Галгофы – на задуму ўладаў, брукаванкі памяці. Аднак з хадою працаў не згодныя грамадскія актывісты – абаронцы Курапатаў.

Ганна Шапуцька, старшыня ініцыятывы «Абаронім Курапаты»:

«Няма даверу да гэтай дзяржавы. Па-другое, не было сапраўднага грамадскага абмеркавання. Адбыўся чарговы падман. І трэцяя прычына – тут могілкі, тут чалавечы магільнік. І сюды людзі ісці са сваймі крыжамі, сваймі памятнымі знакамі».

Яшчэ адна падстава для непаразумення – месца, дзе мусіць стаяць памятны знак. Конкурс праектаў першапачаткова прадугледжваў размяшчэнне помніку менавіта на «Галгофе», на гэтым месцы ўжо ляжыць закладны камень. Троху пазней высветлілася, што ўсталяваць знак тут не ўдасца: блізка пралягае газаправод.

Сяргей Арганаў, скульптар, аўтар праекту памятнага знаку:

«Уся эстэтыка, якая тут існуе, для нас была важная. Мы заяўлялі яе як аўтарскую канцэпцыю ў апісанні свайго мемарыяльнага знаку. Гэта нават ёсць дадаткам да дамовы выканання скульптурным камбінатам пра мантаж нашага знаку. Нашая аўтарская канцэпцыя мае пад сабою поўнае захаванне ўсіх існых элементаў, сакральнага сімвалу».

Актывісты ж выступаюць за размяшчэнне яго не на «Галгофе», а на ўваходзе ва ўрочышча з паўднёва-заходняга боку. Ганна Шапуцька, старшыня ініцыятывы «Абаронім Курапаты»:

«Гэта вялікі чалавечы магільнік, які складаецца з вялізнай колькасці ямаў-западзін. Ямаў, дзе людзей проста забівалі, скідалі, закапвалі. І тут павінны быць крыжы, нейкія такія знакі».

На гэты момант існуе дамоўленасць, што працы ў выкопванні водаадводнай траншэі будуць працягвацца без выкарыстання спецтэхнікі – рукамі актывістаў пад наглядам археолагаў. Самыя ж археолагі абураюцца пазіцыяй актывістаў. Аляксандр Мікша, намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі:

«Зноў пачалася валтузня. І гэтая валтузня будзе працягвацца 3-4 гады. А нам будуць казаць: вось дзяржава не мычыць не целіцца, нічога не робіць. Мы не дзяржаўная арганізацыя, але мы разумеем, што трэба навесці тут парадак».

Мастак Алесь Марачкін кажа, што верыць у шчырасць памкненняў аўтараў дзяржаўнага праекту, але пра які ўсеагульны мемарыяльны знак можа ісці гаворка, калі архівы з імёнамі забітых у Курапатах усцяж закрытыя?

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары