Аб'ектыў 03.03.2017 Абаронцы Курапатаў дэмантуюць лагер ля ўрочышча


Аднавіць раней вызначаныя межы ахоўнай зоны ўрочышча Курапаты, адмяніць аўкцыён на забудову і добраўпарадкаваць тэрыторыю. Такія патрабаванні да ўладаў абаронцы ўрочышча агучылі падчас адмысловага мітынгу, на які сабралася больш за сотню асобаў. Падчас акцыі выступоўцы заявілі пра тактычную перамогу ў абароне Курапатаў – бо ўлады абяцалі спыніць будоўлю. Актывісты ў сваю чаргу паабяцалі дэмантаваць лагер абаронцаў урочышча ў панядзелак.

«Сістэма грамадскага кантролю – яна рэальная! Улады цяпер не ў такой сітуацыі, каб яны маглі ўключыць механізм рэпрэсіяў. І яны вымушаныя лічыцца з людзьмі», – патлумачыла грамадская актывістка Наста Дашкевіч.

«Гэта быў вялікі ўрок усім. Забудоўшчыку і ўладам. Але мне падаецца, што сённяшнія ўлады ў Менгарвыканкаме адчуваюць сваю роднасць не з тымі, каго стралялі ў Курапатах, а з тымі, хто страляў у Курапатах», – упэўнены Павал Севярынец, Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.

Падчас мітынгу гучалі словы падзякі ад жыхароў раёну

Уласнікі кватэраў раёне Зялёнага Лугу тлумачаць, што без актыўнага падтрымання грамадскіх актывістаў, палітыкаў, журналістаў і блогераў захаваць зямлю ад забудовы не атрымалася б.

У канцы лютага пачаліся будаўнічыя працы на вуліцы Мірашнічэнкі, праз дарогу ад мемарыялу Курапаты. Гэта выклікала абурэнне як жыхароў ваколіцаў, гэтак і грамадскіх актывістаў. Аднак пасля актыўных дзеянняў абаронцаў лагеру Курапатаў ды ўвагі медыяў, гарадскія ўлады і забудоўнік спынілі працы.

«Белсат», фота: naviny.by

Глядзі таксама
Каментары