Аб'ектыў 03.09.2018 Севярынец: народ байкатуе рэстарацыі ў Курапатах


Тры месяцы ў Курапатах трываюць пратэсты супраць рэстарану «Поедем поедим». За гэты час на абаронцаў народнага мемарыялу склалі больш за дзвесце пратаколаў. Дзясяткі разоў актывістаў затрымлівалі, штрафавалі і каралі адміністратыўнымі арыштамі. Сёння адбыліся чарговыя суды.

490 рублёў штрафу мае сплаціць Філіп Шаўроў, Дзяніс Урбановіч прабудзе 7 содняў у ізалятары, Максім Вінярскі – 10 содняў. З такімі вынікамі скончыліся сёння суды над абаронцамі Курапатаў. Іх прызналі вінаватымі ў непадпарадкаванні міліцыянтам, з чым самыя актывісты не згодныя.

Максім Вінярскі, грамадскі актывіст:

«Была бойка, было супрацьстаянне. І казаць пра тое, што гэта была звычайная праца міліцыі і звычайнае непадпарадкаванне іх патрабаванням, не прыходзіцца».

Увечары 1-га верасня Філіп Шаўроў паклаў вялікі камень пасярэдзіне праезду да брамы забаўляльнага комплексу «Поедем поедим». Пасля гэтага паміж абаронцамі Курапатаў і наведнікамі рэстарану завязалася штурханіна. Працаўнікі ўстановы выклікалі міліцыю, якая, паводле актывістаў, затрымала іх у грубай форме.

Паралельна з судамі адзін з арганізатараў пратэстаў Павел Севярынец зладзіў у Курапатах прэс-канферэнцыю. Ён агучыў вынікі трохмесячнай акцыі.

Павел Севярынец, Беларуская хрысціянская дэмакратыя:

«Беларусы прабайкатавалі гэтую рэстарацыю, адбыўся народны байкот забаўляльнага комплексу. Тое, што сюды ходзяць па некалькі чалавек у дзень, – гэта ўжо вынік варты. Але мы падкрэсліваем, што нашаю мэтаю з’яўляецца зачыненне, знос альбо перанос гэтага будынку».

Таксама палітык абвесціў, што ў найбліжэйшую нядзелю адбудзецца сход, на якім пастановяць, ці варта пікетаваць далей.

Павел Севярынец, Беларуская хрысціянская дэмакратыя:

«Калі сюды 9 верасня прыйдуць некалькі дзясяткаў чалавек, то гэта будзе значыць, што варту трэба перафарматаваць, магчыма, скарачаць да выходных дзён. Пачынаецца працоўны сезон і пачынаецца вучоба, таму проста не хопіць людзей стаяць так круглыя содні».

Не зважаючы на правакацыі, штрафы ды арышты, актывісты пакуль працягваюць акцыі пратэсту. Пікетоўцы штодня агітуюць не наведваць рэстарану, які пабудавалі ў межах колішняй ахоўнай зоны Курапатаў, і спрабуюць не прапускаць на тэрыторыю забаўляльнай установы аўтаў.

Дзмітрый Казакевіч, Беларуская хрысціянская дэмакратыя:

«Гэта проста банальная патрэба справядлівасці. У свой час я апынуўся выпадкова ў Курапатах, прайшоў сярод крыжоў і мне так стала балюча. І яны не змаглі абараніць сябе. А хто тады мы, калі не можам зараз абараніць іх?»

Курапаты – месца масавых расстрэлаў у сталінскі час. Паводле розных даследнікаў, там забітыя ад 30-ці да 250-ці тысячаў чалавек.

Міхась Ільін, belsat.eu

Фота Белсату

Глядзі таксама
Каментары