Абаронца незалежнасці Літвы: «Для Беларусі гэта наперадзе!»


Арышты, рэпрэсіі, пераслед за палітычную актыўнасць – усё гэта паспяхова перажылі нашыя балтыйскія суседзі. Сёння літоўцы адзначаюць Дзень абаронцаў свабоды – у гонар герояў, якія 29 гадоў таму ў Вільні абаранялі тэлевежу і тэлевізійны цэнтр незалежнай Літвы ад савецкіх войскаў.

У выніку ваеннай інтэрвенцыі, якую загадаў здзейсніць Міхаіл Гарбачоў, загінулі 14 абаронцаў літоўскай незалежнасці, яшчэ 700 асобаў былі параненыя.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Студзень 1991 года. У сталіцу Літвы, якая ўжо 10 месяцаў як абвесціла сваю незалежнасць, уваходзяць савецкія войскі, якія штурмуюць адміністрацыйныя будынкі.

«Напалі на Дом друку, там першага нашага хлопца паранілі, скразная кулявая 11 студзеня, і мы зразумелі, што тут дабром не скончыцца», – узгадвае Антанас Клюнка, удзельнік варты парламенту Літвы ў 1991 года.

У той жа дзень добраахвотнікі пад сценамі Вярхоўнага Савету Літвы прысягнулі на вернасць Айчыне, забарыкадавалі парламент, пераўтварыўшы яго ў сапраўдны замак. Аднак савецкія войскі выбралі іншую мэту для крывавай атакі.

13 студзеня танкі пайшлі на штурм тэлевізійнае вежы, якая транслявала тэлепраграму свабоднай Літвы. Аб’ект абаранялі цывільныя грамадзяне. Савецкія войскі забіваюць 14 чалавек, раняць яшчэ 700. Нехта памірае ад выстралаў, а па кімсьці проста праехалі танкамі.

«Калі танкі ехалі, яны не беглі ад танкаў, а беглі да танкаў! Гэтага ў свеце ніхто ніколі не бачыў, як літоўцы стаялі. Кажу, у нашых генах – барацьба за свабоду!» – зазначае Антанас Клюнка.

У наступныя дні пад будынкам Вярхоўнага Савету Літвы збіраюцца дзясяткі тысячаў чалавек. Прыехалі ў Вільню і дзве дэлегацыі ад Вярхоўнага Савету Беларусі, у тым ліку і ад дэпутатаў апазіцыі БНФ. Тады афіцыйны Менск заняў пралітоўскую пазіцыю, а савецкія войскі гэтак і не вырашыліся на штурм парламенту ў Вільні.

«Вярхоўны Савет БССР быў адзіным парламентам былога СССР, калі не лічыць латышскага і эстонскага, які падтрымаў незалежнасць Літвы», – звяртае ўвагу Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1996).

Падтрымлівалі незалежнасць Літвы і беларусы. На тагачасных кадрах маніфестацыяў на вуліцах Вільні можна пабачыць бел-чырвона-белыя сцягі. Сёння ж прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ўзнагародзіў 11 украінцаў, якія бралі ўдзел у абароне Вярхоўнага Савету ў Вільні. Сярод іх адзін беларускага паходжання – Расціслаў Міхеенка:

«Праз столькі гадоў літоўская дзяржава ўзгадала пра нас, лічыць нас сваймі паўнавартаснымі абаронцамі, сябрамі. Вядома, гэта прыемна».

У сваю чаргу дэпутат Еўрапарламенту ад Літвы Пятрас Аўштравічус мяркуе:

«Для Беларусі гэта яшчэ наперадзе. Бо дэмакратызацыя краіны – гэта непазбежна. Як тое пойдзе – іншае пытанне. Калі гэта адбудзецца, для мяне таксама другаснае пытанне».

Змагар за незалежнасць дадае: падзеі 13 студзеня далі ўрок усяму свету, як адстойваць незалежнасць і дэмакратычную будучыню сваёй краіны.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu