Абарона Курапатаў: тэхніку прыбралі, але галоўная бітва наперадзе


«Будаўнікі адмаўляюцца працаваць»

А палове на дзясятую пад радасныя воклікі пратэстоўцаў з будаўнічай пляцоўкі побач з урочышчам Курапаты з’ехаў аўтакран. А дзве гадзіны раней адсюль пачалі сыходзіць працаўнікі з рэчамі.

«Будаўнікі самыя адмаўляюцца працаваць, бо бачаць, што людзі гатовыя класціся пад тэхніку. Такое адчуванне, што да будаўнікоў нешта даходзіць», – кажа бард Зміцер Захарэвіч.

Паводле прараба, на сёння ўсе працы тут спыненыя. Аднак усцяж невядома, што будзе далей. Таму пратэстоўцы яшчэ застануцца ды будуць назіраць за развіццём падзеяў.

«Каб не было так, што мы сыдзем, а яны ізноў прыгоняць тэхнікі. Мы будзем чакаць пакуль дакладна будзе зразумела, што будоўля спынена, будуць разбіраць гэтую будоўлю. Мажліва яшчэ і дапаможам бясплатна яе разабраць», – тлумачыць Зміцер Дашкевіч.

Што адбываецца ў лагеры?

Усю ноч у лагеры ўдзельнікаў пікету ў сталічным мікрараёне Зялёны Луг дзяжурылі некалькі дзясяткаў асобаў. У нядзелю побач з будоўляю прайшла малітва за Беларусь. На плоце пляцоўкі адбываўся паказ фільму «Дарога праз Курапаты». Раней неабыякавыя людзі пакінулі тут крыжы. Абаронцы месца пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў патрабуюць тэрмінова спыніць пабудову офіснага цэнтру побач з урочышчам.

Пратэст аб’яднаў самых розных людзей. Цягам мінулага тыдня сітуацыя на будаўнічай пляцоўцы заставалася напружаная. Супраць пратэстоўцаў ужывалі фізічную сілу. У ноч на 23 лютага абаронцаў Курапатаў жорстка збілі невядомыя.

Чыноўнікі займаюць прынцыповую пазіцыю

У Менску прайшла сустрэча аргкамітэту абароны ўрочышча.

«Мы змагаемся за ахоўную зону Курапатаў, каб яе не абкусвалі з усіх бакоў. Нават калі касцей на гэтым канкрэтным месцы няма – гэта такая ж прынцыповая пазіцыя», – даводзіць Алесь Кіркевіч з аргкамітэту.

Сёння ж у адміністрацыі Першамайскага раёну Менску адмысловая камісія зацвердзіла змены ў планах забудовы ў раёне Курапатаў. Паводле дэталёвага плану, тэрыторыя, на якой пачалі будаваць офісны цэнтр, застаецца ўсцяж па-за ахоўнаю зонай мемарыялу. Імаверна, гэткім чынам будаўніцтва каля ўрочышча канчаткова ўзаконілі.

Абаронцы Курапатаў намагаліся давесці чыноўнікам, што ў 2014 годзе падчас вываду з ахоўнай зоны тэрыторыі каля мемарыялу была парушаная працэдура. Тысячы подпісаў супраць будоўлі камісія разглядаць адмовілася.

«Пытанне Курапатаў яны не разглядалі. Яны зрабілі выгляд, што гэтага пытання няма, што нібыта яно даўно вырашанае належных чынам. Нягледзячы на тысячы падпісаў і патрабаванні ўзняць гэтае пытанне», – тлумачыць Аляксей Янукевіч, партыя БНФ.

Таму сёння ўвечары ў Курапатах прайшоў экстранны мітынг. Абаронцы нацыянальнага мемарыялу настроеныя рашуча. На 3 сакавіка побач з будоўляю запланавалі агульнагарадскую акцыю пратэсту.

Ян Бабіцкі, «Белсат»