Абараніць краіну ад пандэміі: як беларусы дапамагаюць медыкам у змаганні з каронавірусам


Чарговыя звесткі пра каронавірус супярэчаць афіцыйным звесткам Міністэрства аховы здароўя. Да нас звярнуўся фельчар сталічнай хуткай, які сам стаўся кантактам першага ўзроўню. Мужчына сцвярджае, што за мінулыя содні ў Менску шпіталізавалі больш за 90 пацыентаў з каронавірусам.

Размаўляць медык пагадзіўся на ўмовах ананімнасці:

«Мы сапраўды сёння вазілі, нашы паглядзелі праз камп‘ютар, агулам налічылі каля 95 не кантактных, а Ковід-станоўчых пацыентаў».

Паводле чарговай арыфметычнай задачы ад Міністэрства аховы здароўя колькасць інфікаваных каронавірусам за апошнія содні павялічылася на 89 асобаў. На лячэнні застаюцца 394 пацыенты. Пяцёра памерлі. Выздаравеў 41 чалавек. Такім чынам, агульная лічба выпадкаў COVID-19 у Беларусі – 440.

«Перахварэе і заразіцца вялікая частка насельніцтва – пра гэта кажа досвед іншых краін», – папярэджваюць беларускія медыкі.

ВІДЭА
Беларускія лекары запісалі відэазварот: Заразіцца большая частка насельніцтва
2020.04.04 11:56

Засцерагчы сябе і сваіх блізкіх ад захворвання, а таксама запаволіць распаўсюд інфекцыі можа кожны з нас – упэўненыя дактары. З адмысловым зваротам да беларусаў звярнуліся больш за два дзясяткі спецыялістаў: «Максімальна абмяжуйце стасункі з людзьмі. Не хадзіце ў госці да пажылых сваякоў, не адпраўляйце да іх сваіх дзяцей, якія могуць быць крыніцай інфекцыі. Пераканайце сваіх бацькоў, што ім трэба застацца дома.

Пазбягайце месцаў збору людзей, не хадзіце ў кіно, тэатры, рэстараны. Часцей мыйце рукі або выкарыстоўвайце дэзынфекцыйныя сродкі. Не чапайце твар рукамі. Чхайце і кашляйце толькі ў хустку або згін локця».

Простыя беларусы і бізнесоўцы самыя дапамагаюць медыкам змагацца з пандэміяй. Так, сетка заправак «А-100» бясплатна корміць працаўнікоў хуткай дапамогі. Служба таксі 7606 бясплатна возіць на працу дактароў. Актывісты на платформе MolaMola збіраюць сродкі на рэспіратары і сродкі абароны.

«Цяпер у вялікім дэфіцыце рэспіратары. Шмат шпіталяў маюць вельмі дрэнную забяспечанасць гэтымі сродкамі. Людзі працуюць у ватна-марлевых павязках, людзі працуюць з рызыкай для свайго здароўя. І мы бачым гэта па тых прыкладах – Віцебск мае выбух эпідэміі. Дзесяць лекараў ужо захварэлі», – свцярджае каардынатар збору дапамогі шпіталям, праваабаронца Андрэй Стрыжак.

Кампанія Symbal.by спыніла працу швейнага цэху ў звычайным фармаце і ўсёй камандаю распачала вытворчасць масак ды іх бясплатны распаўсюд для тэрміновых патрэбаў. Медычным арганізацыям для атрымання масак трэба толькі пакінуць заяўку на сайце вытворцаў.

«Гэта было рашэнне вельмі хуткае. Літаральна за адны содні ўсё вырашылі, купілі, хуценька распрацавалі. І ўсё ў працэсе», – кажа швачка Святлана Юргелевіч.

Маску для ўласных патрэбаў можна будзе купіць па мінімальных коштах. Засцерагальныя маскі будуць і незвычайныя – з выкарыстаннем нацыянальных колераў і зручныя.

«Чалавек апранае, носіць максімум дзве гадзіны, таму што пазней з’яўляюцца мікробы. Здымае, мые мылам і прасуе. І можна наноў карыстацца», – тлумачыць швачка Анастасія Шаўцова.

Міністэрства аховы здароўя да існай сітуацыі падыходзіць стандартна, як да эпідэміі грыпу, і спадзяецца, што абсталявання хопіць. Ці так гэта, даведаемся цягам бліжэйшых тыдняў, прагназуе эканаміст Аляксей Харкевіч: «У дадзеную фазу мы ўваходзім з лепшымі ўмовамі, чым увайшла ў яе Італія. Пытанне ў тым, да чаго гэта прывядзе, калі ў нас увогуле каранціну не будзе. Магчыма, гэта прывядзе да таго, што мы паўторым найгоршыя сцэнары».

Каб абараніць краіну ад магчымых наступстваў пандэміі каронавіруса, актывісты заклікаюць беларусаў не чакаць рашучых дзеянняў уладаў, а браць ініцыятыву ў свае рукі і дапамагаць медыкам ды адно адному.

Анастасія Русецкая, «Белсат»