Аб'ектыў 10.11.2018 Аб’ядналіся, каб самім вырашаць праблемы – і вось што атрымалася


Другі ўстаноўчы сход грамадскага руху «Дзея» не толькі паставіў перад арганізацыяй новыя мэты, але і стаў днём, калі можна падвесці апошнія вынікі ды пахваліцца поспехамі.

«Адрамантавалі тэрыторыю шэрагу дамоў у Мазыры. Адрамантаваная, прынамсі, пасыпаная камянямі, дарога ў Добрушы. Улады Горак пагадзіліся на тое, каб вуліцам паралельна вярнуць і гістарычныя назвы», – кажа сузаснавальнік «Дзеі» Алесь Лагвінец.

Дэсанты «Дзеі» аб’ездзілі не адзін дзясятак гарадоў і мястэчак, каб вырашыць мясцовыя праблемы. Ды гатовыя і надалей гэта рабіць, бо «Дзея» – сапраўдная каманда аднадумцаў.

«Тут сапраўды людзі, якія рэальна хочуць пераменаў у нашым жыцці. Якія не стаміліся ад гэтага шматгадовага марафону, які мы вядзем», – кажа ўдзельнік «Дзеі» з Дрыбіна Андрэй Юркоў.

«Вельмі важныя людзі, з якімі камфортна, з якімі прыемна, якія, фактычна, твае сябры», – дадае менчук Сяржук Бахун.

Баранавіцкая актыстка Анжэла Камбалава кажа, што «заўсёды прыемна апынуцца ў месцах, дзе моладзь гаворыць па-беларуску, нешта крэатывіць і выдумляе».

Апроч крэатыву ды пашырэння ведаў аб магчымасцях бараніць свае правы, актывісты «Дзеі» бралі ўдзел ва ўшанаванні памяці паўстанцаў Слуцкага збройнага чыну, пераклалі Грамадзянскі кодэкс на беларускую мову, правялі некалькі дзясяткаў сустрэчаў ды падтрымалі кампанію Legalize Belarus, якая выступае за легалізацыю марыхуаны ў нашай краіне.

«Мелі поспех, да нас далучылася шмат сяброў. І зараз мы тут, на ўстаноўчым сходзе, каб зрабіць яшчэ адную спробу рэгістрацыі нашай арганізацыі», – заяўляе сузаснавальнік «Дзеі» Максім Ціханаў.

Першая спроба рэгістрацыі ў траўні 2017-га, калі адбыўся першы ўстаноўчы сход арганізацыі, зазнала няўдачу. Адмовілі, спаслаўшыся на недакладнасці ў заяўцы. «Дзея» – не адзіная грамадска-палітычная структура, якая спрабуе атрымаць пасведчанне ад Міністэрства юстыцыі. Гэтак, сёлета ў красавіку юрыдычнае ведамства сёмы раз адмовіла ў легалізацыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Аднак заснавальнікі руху, якіх у «Дзеі» налічваецца ажно 57 асобаў, лічаць, што як бы ні склаўся лёс з рэгістрацыяй арганізацыі, усё адно – «Дзея» будзе дзеяць.

Віталь Бабін

Глядзі таксама
Каментары