ААН дапаможа асуджаным паводле сумна вядомага 328-га артыкула?


На канферэнцыю аб рэформах антынаркатычнага заканадаўства з‘явіліся прадстаўнікі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, Еўрапейскай камісіі, фонду ЮНІСЭФ, беларускія праваабаронцы. У такім маштабе гэтая праблематыка бадай падымаецца ўпершыню.

Ці ў стане гэтыя інстытуты схіліць беларускіх праваахоўнікаў да змены ў падыходах?

Яшчэ напярэдадні канферэнцыі сілавікі заявілі, што Палата прадстаўнікоў на найбліжэйшай сесіі мае зацвердзіць змены ў крымінальным заканадаўстве. Пункт за гандаль наркотыкамі будзе пачынацца не з 5, а з 3 гадоў пазбаўлення волі. Праўда, застаецца адказнасць ад 2 да 5 гадоў турмы за спажыванне. Хоць МУС не хавае – яны супраць нават гэтых зменаў.

Ганна Канапацкая, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, каментуе:

«Іхная аргументацыя такая – мы павінныя змагацца з наркотыкамі. А мае контраргументы – чаму сядзяць дзеці 15-20 гадоў за 0,001 грама, а не сядзяць тыя, хто пастаўляе наркотыкі? Пытанне якасці змагання. І тут пытанне не толькі ж міліцыі, але і Мытнага камітэту, і памежнікаў».

Але праблема не толькі ў нормах, але і практыцы ўжывання. Антынаркатычны дэкрэт прэзідэнта забараняе вязням 328 умоўна-датэрміновае вызваленне і амністыю, а таксама схіляе суддзяў выносіць максімальныя тэрміны. У івацэвіцкай калоніі «Воўчыя норы» нават стварылі адмысловыя атрады, дзе ўчорашнія школьнікі «спасцігаюць пакаранне» за спажыванне або гандаль сярод такіх жа, як і яны.

Ірына прыехала вучыцца ў Менск з поўначы Расеі. Яна праходзіла паводле гэтак званай справы 17, у якой былі замяшаныя і высокія афіцэры КДБ. У выніку адзін з іх ужо на волі, а другі – выйдзе ў траўні. Дзяўчыне яшчэ 12 гадоў тэрміну. Галіна Ганчарэнка, маці асуджанай паводле 328 арт., распавядае:

«У маёй дачкі ўсе асноўныя эпізоды знятыя, але тэрмін застаўся. І вось колькі я дамагаюся праўды, яна кожны дзень плача і пытаецца: мама, за што я сяджу? А я не ведаю, за што».

Пра беларускую праблематыку антынаркатычных захадаў гучна і з высокіх міжнародных трыбунаў. У час, калі міжнародная арганізацыя здароўя прапаноўвае ААН выключыць марыхуану са спісу асабліва цяжкіх наркотыкаў, у Беларусі за ўмоўны касяк саджаюць да 8 гадоў.

«Для лячэння (наркаманаў – А.З.) не варта рэагаваць вялікімі тэрмінамі. Усе даследаванні на гэта ўказваюць», – кажа Матылда Боргнэр, дарадца ААН у правах чалавека.

А для гэтага неабходна дэкрыміналізаваць нормы ў сферы захоўвання і спажывання наркотыкаў. Адпаведны даклад офіс ААН накіраваў уладам Беларусі.

За 2 апошнія гады паводле 328 артыкулу асудзілі больш за 10 тысячаў беларусаў. Гэта маладыя людзі, якія меліся будаваць будучыню нашай дзяржавы. А таму яшчэ пытанне, ці не будуць наступствы змагання з наркотыкамі горшыя для грамадства за самую праблему наркатрафіку.

Алесь Залеўскі, belsat.eu