95 % заяўленая эфектыўнасць вакцынаў: калі агульная вакцынацыя?


Здаецца, сёння свет нічога не чакае з такім нецярпеннем, як вакцыны ад каронавіруса. Лабараторыі ў розных краінах свету навыперадкі абвяшчаюць высокія вынікі тэставання. Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Кітаю загаварыў пра эксперыментальную вакцыну супраць COVID-19 ад кампаніі «Sinovac Biotech», пасля таго як справаздачы часопісу «The Lancet» паказалі яе хуткую імунную рэакцыю.

«The Lancet» – сусветна вядомы навуковы часопіс. Справаздачы, апублікаваныя кітайскімі кампаніямі, дэманструюць абсалютную бяспеку і эфектыўнасць кітайскіх вакцынаў», – заявіў прадстаўнік міністэрства замежных справаў Кітаю Чжаў Лі Цзянь.

Але кітайцы не былі першыя. Учора пра 95 адсоткаў эфектыўнасці навастворанай вакцыны ад COVID-19 заявіла амерыканская кампанія «Moderna».

«Гэта новы тып біятэхналогіі, які грунтуецца на выкарыстанні генетычнага матэрыялу, так званай матрычнай РНК. Гэта адналанцужковая малекула, якая спрабуе змяніць бялок у арганізме і ніколі раней не выкарыстоўвалася як лекі ці вакцына», – тлумачыць хімік Эрн Альмарсан, які супрацоўнічаў з кампаніяй.

Да таго ж, паводле стваральнікаў, вакцына кампаніі «Moderna» не патрабуе такіх складаных умоваў для захоўвання, як прэпарат кампаніяў «Pfizer» і «BioNTech», пра стварэнне якой абвесцілі на мінулым тыдні.

Сёння ж прадстаўнікі «Pfizer» і «BioNTech» заявілі, што па канчатковых даследаваннях эфектыўнасць вакцыны на пяць адсоткаў вышэйшая за заяўленыя першапачаткова 90 адсоткаў. Цяпер кампаніі падаюць заяўку на экстраны дазвол выкарыстоўваць прэпарат у Злучаных Штатах.

Сусветная арганізацыя здароўя падкрэслівае, што вакцынацыя – найлепшы спосаб вярнуць эканоміку ў даэпідэмічны стан, збіраецца фінансаваць вакцынацыю і заклікае лідараў «Вялікай дваццаткі» да фінансавання глабальнага цэнтру «COVAX», які размяркоўвае вакцыну.

«Мы бачым, што сітуацыя вельмі шматабяцальная. Вельмі абнадзейвае, што мы маем дзве вакцыны-кандыдаткі з прамежкавымі вынікамі на ўзроўні 95-ці адсоткаў. Вядома, існуюць праблемы ў рэалізацыі, але мы імкнёмся праз цэнтр «COVAX» забяспечыць своечасовы доступ да вакцынаў і развітым краінам, і краінам, якія развіваюцца», – кажа памочніца генеральнага дырэктара СААЗ Марыанжэла Сіман.

Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, сёння выпрабоўваюцца амаль паўсотні вакцын кандыдатаў. Дзясятак з іх ужо дайшлі да трэцяй фазы. Але агульнай вакцынацыі давядзецца яшчэ пачакаць, дый невядома, на які тэрмін яна ратуе ад інфекцыі. Таму зімовы сезон дакладна пройдзе яшчэ ў масках і з усімі сродкамі аховы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»