Вязні калоніі каля Івацэвічаў узнялі бунт


Вязні калоніі каля Івацэвічаў, якая больш вядомая як «Воўчыя норы», запатрабавалі змяніць адміністрацыю ўстановы. Сёння тут пераважна ўтрымліваюць асуджаных паводле антынаркатычнага артыкулу 328. Міністэрства ўнутраных справаў інцыдэнт прызнала. Але акрэсліла яго не бунтам, а парушэннем рэжыму.

Усе атрады калоніі забарыкадаваліся і запатрабавалі сустрэчы з абласным кіраўніцтвам папраўчых установаў – гэта ўся інфармацыя, што вылілася за сцены 22-ой калоніі. Фэйк?

«Я сам працую тут, на гэтай зоне, але нічога не чуў», – кажа работнік калоніі.

Затое пачула адна з маці, якая акурат была на кароткатэрміновым спатканні з сынам. Таццяна, маці асуджанага паводле арт. 328, распавядае:

«Яна пачула шум і крыкі менавіта ўначы з суботы на нядзелю».

22-ая папраўчая калонія, ці гэтак званыя «Воўчыя норы», месціцца побач з Івацэвічамі. Раней тут сядзелі асабліва небяспечныя. Антынаркатычным дэкрэтам Лукашэнка загадаў стварыць тут для асуджаных паводле 328-га артыкулу «месца з невыноснымі ўмовамі».

Цяпер тут адбываюць пакаранне больш за 1000 чалавек, для якіх гэта першае зняволенне. Сярэдні век вязня – 25 гадоў, тэрмін пакарання – 10 гадоў. Падрабязнасці бунту, пра якія нам удалося даведацца, уражваюць. Але ўсцяж невядомыя прычыны.

«Звычайна гэта нязносныя ўмовы ўтрымання і ўмовы, якія ствараюцца адміністрацыяй, каб прымусіць вязняў выконваць нейкія патрабаванні, якія не прадугледжаныя правіламі ўнутранага распарадку. Ці то стварыць ціск, каб пакараць вязняў за раней здзейсненае злачынства», – каментуе Андрэй Бандарэнка, праваабарончая арганізацыя «Платформа».

Паводле інфармацыі «Белсату», пасля адбою вязні адмовіліся выконваць распарадак, уступілі ў фізічнае супрацьстаянне прынамсі з двума ахоўнікамі, забарыкадаваліся і запатрабавалі прыезду абласнога кіраўніцтва турмаў. Па трывозе быў падняты ўвесь асабовы склад калоніі: у выніку перамоваў і фізічнага ўздзеяння бунт завяршыўся.

«Канечне, усе захочуць цяпер гэты інцыдэнт схаваць, мамы пойдуць у пракуратуру, каб даведацца, ці ўсе цэлыя, і ці ёсць факты збіцця», – гаворыць Марына Мацулевіч, маці асуджанага пав. арт. 328.

У Беларусі больш за 35 тысяч вязняў. З іх прынамсі кожны трэці асуджаны паводле наркатычнага артыкулу. Прэзідэнцкі дэкрэт прадугледжвае максімальныя тэрміны пакарання паводле яго і забараняе ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Незалежна ад паводзінаў і нюансаў справы вязня.

«Стала толькі горш, – кажа палітычны сядзелец «Нораў» у 2011-ым, актывіст Павел Вінаградаў. – Рэжым узмацніўся. Лукашэнка казаў, што трэба ўсіх перасаджаць, і каб было ім кепска ў турме, ну, і адміністрацыя калоніі кінулася выконваць даручэнні».

Пытанне, якое даручэнне будзе цяпер? Логіка беларускіх сілавікоў кажа пакараць бунтароў так, каб іншым не павабна было. Але ці можа быць горш, калі ў цябе больш за 10 гадоў тэрміну без права ранейшага вызвалення?

Алесь Залеўскі, belsat.eu