9 чалавек выйшлі на Кастрычніцкую плошчу Менску і патрабавалі вызваліць вязняў сумлення


Выпусціць палітвязняў да пачатку правядзення Еўрапейскіх гульняў у Беларусі. З такімі патрабаваннямі актывісты выйшлі на цэнтральную плошчу ў Менску. Да акцыі заклікаў форум «Свабоду палітвязням!». Аднак далучыцца здолелі не ўсе ахвотныя: некаторых – затрымалі прэвентыўна. Улады хочуць відовішчаў? Хочуць гасцей з Еўропы? Няхай выпускаюць палітвязняў. Дзевяць чалавек выйшлі на Кастрычніцкую плошчу з адпаведным патрабаваннем.

«Важна прадэманстраваць падтрымку, стаць з партрэтамі, каб людзі бачылі, што ў нас ёсць палітвязні», – кажа Максім Вінярскі з «Еўрапейскае Беларусі».

Да акцыі дайшлі не ўсе. Сустаршыню БХД Паўла Севярынца затрымалі ля пад’езду дому.

«Людзі павінныя ведаць, што ёсць нехта, хто выходзіць на плошчу і патрабуе свабоду палітвязням. Бо калі мы будзем маўчаць, кожнага схопяць і пасадзяць за краты», – мяркуе грамадзянскі актывіст Сяргей Тарасенка.

Анархістаў Насту Гусеву і Змітра Паліенку трымаюць у Заводскім РУУС. З самае раніцы да дзвярэй Змітра прыходзілі міліцыянты. А Насце – тэлефанавалі.

«Гэта ўказка начальства, не адстануць. Усё роўна ў любым выпадку будуць хадзіць. Прымусяць мяне ці каго іншага хадзіць – не мае значэння», – тлумачыў па тэлефоне міліцыянт Дзяніс Кунцэвіч, спасылаючыся на загад з КДБ.

Фармальная падстава затрымання – здымкі з пустымі аркушамі на фоне Заводскага РУУС. Пазней маладзёны дамалявалі лозунгі ў «Фоташопе» і выставілі ў «Фэйсбук».

Форум «Свабоду палітвязням!» патрабуе вызваліць асуджаных антыфашыстаў Вадзіма Бойку, Іллю Валавіка, Філіпа Іванова, Змітра Цехановіча, беларускага чальца «Правага сектару» Тараса Аватарава, праваабаронца Міхаіла Жамчужнага, краязнаўца і мытніка Алеся Юркойця, а таксама Святаслава Барановіча. Апошняга асудзілі на тры гады калоніі за тое, што адбіваў удзельнікаў дазволенага ўладамі шэсця недармаедаў ад людзей у цывільным у 2017-ым.

«Некалькімі днямі раней Святаслава Барановіча адправілі на турэмны рэжым, гэтак званую крытую, дзе даволі кепска, даволі строгі і жорсткі рэжым. Гэта сведчыць аб тым, што на палітвязняў ідзе асаблівы ціск», – адзначае журналіст і актывіст анархісцкага руху, а некалі таксама палітвязень Мікола Дзядок.

Старэйшыя беларускія праваабарончыя арганізацыі, аднак, класіфікавалі як палітвязня толькі Міхаіла Жамчужнага.

«Мы сыходзім з тых крытэрыяў, якія распрацаваныя праваабарончаю супольнасцю Беларусі ды іншых краінаў. Адзін з такіх прынцыповых момантаў – гэта неўжыванне гвалту», – тлумачыць старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак.

Паводле форуму «Свабоду палітвязням!», улады выдатна навучыліся саджаць палітычна актыўных людзей так, каб іх не маглі прызнаць вязнямі сумлення. І праваабаронцам варта адаптавацца да беларускіх рэаліяў.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu