88 гадоў з Уладзімірам Караткевічам


88 гадоў таму нарадзіўся таленавіты сын беларускай зямлі Уладзімір Караткевіч. Чалавек, які не ўдзельнічаў у вайне і рэвалюцыі, які жыў дзеля літаратуры. Таму аніякай неадназначнасці, а толькі творы. Што ні гісторыя – то легенда, да глыбіні прасякнутая беларускасцю. Краіна святкуе народзіны класіка.

Няма чалавека, але застаўся пісьменнік і ягоная спадчына. Магчыма, ужо ў наступную восень прымаць гасцей будзе хата, у якой жыла сям’я Караткевічаў…

«Чалавек, які хацеў набыць дом, – хацеў набыць пад знос, і тады мы ўмяшаліся ў справу», – распавядае Ігар Казьмярчак, старшыня моладзевага абʼяднання «Звяз».

Праз кампанію ў медыях уратавалі гісторыю – старую хату набыў бізнесовец Андрэй Балабін, каб потым перадаць аршанскаму музею Караткевіча. Гэта хіба найлепшы сёлета падарунак аматарам паэта і пісьменніка. Жыхары Воршы распавядаюць:

«Гонар бярэ за людзей, якія ў развіццё культуры гатовыя нешта ўкласці».

«У дзяцінстве нас вадзілі на экскурсіі ў дом, дзе ён жыў, за радзільным домам».

«Такое адчуванне, што ты пранікся ў гэтую гісторыю».

Пранікнуцца ёсць чым! У айчыннай літаратуры імя Караткевіча – гэта помнік. Славуты постмадэрніст усхваляў нашую гісторыю, ніколі не пісаў «прывабных» для ўлады твораў і першым у краіне апанаваў жанр гістарычнага дэтэктыву.

Ягоныя бэстсэлеры – гэта аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» ды «Чорны замак Альшанскі». У гэтых творах Караткевіч адыходзіць ад рэчаіснасці і зазірае ў будучыню. Але ж ёсць і старонкі, якія адкрываем толькі сёлета!

«Новы том, 17-ы, з 20-томавіка, які цяпер рыхтуецца ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» – увесь унікальны, таму што гэта тэксты, якіх ніколі не чыталі беларусы», – кажа паэтка, літаратарка Валярына Кустава.

Літаратарка Валярына Кустава ўкладае ўжо другі том збору сцэнароў, які Караткевіч напісаў з 59-га па 78-ы год. Прысвечаныя нацыянальнай і гістарычнай памяці.

«Сцэнары да фільмаў, якія ўжо былі пастаўленыя – дакументальных, кароткаметражных, тэлевізійных, мастацкіх, а таксама тыя, якія не прайшлі літаратурную ці кінематаграфічную Раду – недзе праз цэнзуру, недзе праз недапрацоўкі», – гаворыць Валярына Кустава.

Таму творы зараджаныя генам беларускасці, дагрукаюцца і да тых, хто не чытае, але глядзіць кіно. У выкананні майстра і фільм – гэта паэзія.

«Свет шчодры. Свет мяне паўторыць. А як не свет, то Беларусь. Мне досыць… Вось у гэтых апошніх радках беларусацэнтрычнасць, якую трэба мець у сабе і спрабаваць перадаць іншым», – чытае радкі Караткевіча Людміла Рублеўская, паэтка, пісьменніца, крытык.

Вучыцца варта ў найлепшых – чытаць, усхваляць ды наведваць. На спатканне з класікам у любы дзень можна прыйсці ў Аршанскі музей Караткевіча. Тут любімая ім у дзяцінстве кніга «Жыццё жывёл». А побач саматужны самавар, у якім саспявала араматная гарбата.

«Магчыма, седзячы ў гэтым фатэлі, ён напісаў першы варыянт свайго знакамітага твора «Дзікае паляванне караля Стаха», – распавядае Кацярына Касьянава, старэйшая навуковая супрацоўніца Аршанскага музею Караткевіча.

Шкада – не дазволена прысесці ды творчага натхнення папрасіць.

Юлія Цяльпук, belsat.eu