83-гадовага абаронцу незалежнасці судзяць двойчы ў адзін дзень


Два суды за адзін дзень, сотні рублёў штрафу і тройчы па 15 содняў арышту. У Віцебску і Менску прадоўжыліся суды над удзельнікамі акцыяў пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй. Праваабаронцы заяўляюць, што гэткім чынам улады спрабуюць выкараніць пратэстныя настроі ў грамадстве ў год прэзідэнцкіх выбараў.

Судовы пераслед абаронцаў незалежнасці Беларусі працягваецца: у Кастрычніцкім судзе Менску судзяць Яна Грыба – інжынера, выкладчыка, сябра Беларускага саюзу пісьменнікаў. 83-гадовага інваліда другой групы судзяць двойчы: у суседніх пакоях і з перапынкам 45 хвілінаў.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Яна Грыба абвінавацілі ва ўдзеле ў антыінтэграцыйных мітынгах на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 20 і 21 снежня. Сведчыў адзін і той жа працаўнік АМАПУ Віталь Мяжонны. А суддзі Вольга Лаўрыновіч і Аляксандр Рудэнка пакаралі пенсіянера штрафам па 810 рублёў кожны.

«Гэтыя суды – гэта непрыстойны цырк. Суддзі – паднявольны народ. Ім сказалі спаганяць з людзей капейку, прычым немалую капейку – яны менш за 30 базавых не даюць, вы ж бачыце», – абураецца Ян Грыб.

Актывісты, сябры і паплечнікі Івана Грыба збіраюць грошы на аплату штрафаў абаронцам незалежнасці ды абураныя прысудамі.

«Судзяць чалавека, якому сёлета будзе 84 гады, і які асмеліўся выступіць за незалежнасць сваёй краіны. Ён тут нарадзіўся, ён тут жыў, ён плаціў падаткі ў гэтую краіну ў рэшце рэшт. І зараз са сваёй мізэрнай пенсіі (а яны ўва ўсіх нас мізэрныя) ён павінен яшчэ і плаціць штраф», – кажа старшыня Беларускага саюзу пенсіянераў Таццяна Зялко.

Напярэдадні стала вядома пра яшчэ адзін суд: аршанскага відэаблогера Дзмітрыя Казлова, вядомага пад псеўданімам Шэры Кот, трэці раз пакаралі 15 соднямі. Віцебскага актывіста Алега Паўлава суддзя Алена Цыганкова пакарала штрафам 675 рублёў.

«Краіне не хапае грошай, у мяне іх шмат – пастараюся дапамагчы: 25 базавых «запаялі». Усё прадказальна і зразумела: рэпрэсіўны станок працуе, але гэта не азначае, што мы павінныя апускаць рукі і спыняць супраціў», – перакананы грамадскі актывіст Алег Паўлаў.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» заклікаў адпаведныя структуры Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў звярнуць увагу на рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

«Улады ставяць мэту збіць грамадзянскую актыўнасць, якая выявілася ў сувязі з падпісаннямі незразумелых дамоўленасцяў аб мадэрнізацыі адносінаў з Расеяй і жаданнем узяць сітуацыю пад кантроль. Тым больш напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, кампаніі, якая ўжо пачалася. Лукашэнка ўжо пачаў выбарчую кампанію і вось гэтая актыўнасць – яна палохае ўлады, і гэтак яны спрабуюць узняць узровень страху ў беларускім грамадстве», – мяркуе старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

Колькасць палітыкаў і актывістаў, пакараных вялікімі тэрмінамі зняволення і буйнымі штрафамі, набліжаецца да сотні чалавек. Суды працягнуцца і ў найбліжэйшыя дні.

Галіна Абакунчык belsat.eu