80 гадоў таму расстралялі Палуту Бадунову і Браніслава Тарашкевіча


80 гадоў таму расстралялі беларускіх дзеячаў і палітыкаў: Палуту Бадунову і Браніслава Тарашкевіча. Абаіх рэабілітавалі яшчэ ў савецкі час, аднак толькі постаць Тарашкевіча хоць неяк ушанавалі ў публічнай прасторы.

Памяць аўтара першае беларускае граматыкі, грамадскага і палітычнага дзеяча – ушанаваная вельмі сціпла.

«Што мы маем у Беларусі? У Радашковічах – вуліца і памятная дошка. Так вось не гарадавым трэба ставіць помнікі, а такім людзям, як Тарашкевіч», – кажа Алесь Краўцэвіч, доктар гістарычных навук.

У родным горадзе Палуты Бадуновай няма нават табліцы ў гонар жанчыны – міністаркі Беларускай Народнай Рэспублікі. Гомельцы патрабуюць ад уладаў змяніць гэтую сітуацыю, але з гарвыканкаму прыходзяць адныя адпіскі.

«Улады пакуль не гатовыя браць на сябе адказнасць і ўвекавечваць імёны дзеячаў нацыянальнага адраджэння. Яны пакуль жывуць савецкім мінулым», – гаворыць Васіль Палякоў, гісторык.

Толькі сёлета – у сотую гадавіну абвяшчэння першай беларускай нацыянальнай дзяржавы – грамадскасць Гомля двойчы спрабавала дабіцца дазволу на ўшанаванне асобы Палуты Бадуновай – ізноў безвынікова.

Ганна Мордань, belsat.eu