80 гадоў «катынскага загаду» згадвае Польшча і Беларусь


Іх прызналі жорсткімі ворагамі савецкай улады. 80 гадоў таму быў падпісаны загад палітбюро Кампартыі – расстраляць дваццаць дзве тысячы палякаў у Катыні. Сёння, у дзень памяці, падчас адмысловай дыскусіі ў Варшаве казалі пра расейскую прапаганду, якая ўсё мацней адбельвае злачынствы бальшавікоў, датычныя не толькі палякаў…

Сёння гадавіна загаду расстраляць на акупаванай саветамі тэрыторыі амаль 22 тысячы польскіх вязняў, якія не паддаваліся гэтак званай «савецкай сацыяльнай рэабілітацыі». Пётр Гліньскі, міністр культуры Польшчы:

«Бальшавіцкае бюро адказнае не толькі за катынскія злачынствы. Таксама за мільёны злачынстваў супраць расейцаў, украінцаў, беларусаў і іншых народаў савецкай імперыі. Яны дагэтуль патрануюць вуліцы і нават гарады, як Калінінград, які знаходзіцца падсуседстве з Польшчаю».

На прысвечанай 80-годзю Катынскага загаду канферэнцыі пра рэпрэсаваных палякаў казалі ў агульнасавецкім ключы. Бо Катынскі лес у Смаленскай вобласці стаўся сімвалам злачынстваў бальшавіцкай улады. Ізабэля Сарʼюш-Скомпска, Федэрацыя Катынскіх Семʼяў:

«У Быкоўні ва Украіне, Катыні… ці Курапатах пад Менскам разлітае мора крыві, а польская гісторыя – гэта кропля ў гэтым моры. І тое што нас усіх абʼядноўвае – гэта супольная пакута. Ёсць інтэрнэт, падручнікі і гістарычны аналіз, з якімі прапаганда неўзабаве прайграе».

Вінаватым за Катынь Масква прызнала Сталіна і яго рэжым, аднак у 2004 годзе скончыла расследаванне ў звязку са смерцю спраўцаў. Семʼі ахвяраў застануцца не рэабілітаваныя, бо прозвішчы карнікаў, ахвяраў і ўсе матэрыялы следства – засакрэцілі. У апошнія гады крамлёўскія медыі ўскосна апраўдваюць дзеянні ў Катыні. Ян Рачыньскі, праўленне Міжнароднага таварыства «Мемарыял»:

«Спробы супрацьстаяць цалкам відавочнай ісціне, што не толькі Гітлер, але і Сталін нясе адказнасць за пачатак Другой сусветнай вайны – значыць паглыбляць ізаляцыю Расеі».

Навошта гэта трэба Маскве – удзельнікі канферэнцыі ў Варшаве не змаглі адказаць адназначна. У сучаснай Польшчы не разумеюць, навошта абараняць злачынствы бальшавіцкага таталітарызму, калі пацярпеў ад яго перадусім рускі народ? Але ў Варшавы, у адрозненне ад Масквы, забываць гісторыю ці хаваць яе – прычынаў няма.

Катынская гісторыя ў ліку тых, якія псуюць бездакорлівасць перамогі ў Другой Сусветнай вайне. Святою яе называе і афіцыйны Менск, адмаўляючы існаванне «беларускага катынскага спісу». Ігар Кузняцоў, гісторык:

«Прынамсі 3870 прозвішчаў і месцы пахаванняў не называюцца. Мала таго, у 2018 годзе Камітэт дзяржбяспекі на наш запрос аб патрэбе адкрыць месцы пахаванняў (не толькі тых што датычаць аперацыі 1940 году), мы атрымалі адказ, што Камітэт не валодае інфармацыяй аб месцах расстрэлаў савецкага часу».

Гэта азначае, што дзейная ўлада ў пошуках не дапаможа… Пры тым што шукаюць не столькі злачынцаў, як ахвяраў, акалічнасці рэпрэсавання і дакладныя месцы пахавання. У Беларусі такім лічыцца перадусім лес у Курапатах. Гісторык Ігар Мельнікаў кажа:

«Ні сённяшняе КДБ, ні гэтая міліцыя расстрэльвалі тады, але разам з тым гэтае злачынства мае канатацыю з усім савецкім. А нашая сістэма любіць усё савецкае, таму падтрымлівае ўсю гэтую традыцыю».

80-ая гадавіна «катынскага загаду» – нашыя гісторыкі бачаць добраю нагодаю абʼяднаць намаганні палякаў, беларусаў расейцаў, казахаў… у самастойным аднаўленні спісу. Сёння ж амбасадар Польшчы ў Менску Артур Міхальскі выказаў спадзеў:

«Ёсць надзея што ў будучыні мы будзем ведаць больш пра гэтае злачынства 80-гадовай даўніны».

Памяць загінулых ушанавалі ў сталічным Кафедральным Касцёле.

Юлія Цяльпук, «Белсат»