Аб'ектыў 17.09.2017 78 гадоў таму адбылося аб’яднанне Беларусі


З аднаго боку, Беларусь аднавіла свае межы, а з іншага – яе тэрыторыі разам з насельніцтвам трапілі ў жорны таталітарнай машыны. У выніку «уз’яднання» рэпрэсіі зазналі сотні тысячаў новых грамадзянаў Савецкага Саюзу, давялося забыць і пра незалежнасць.

78 гадоў таму Чырвоная армія ўвайшла ў Польшчу. Датрымліваючыся сакрэтнага пратаколу пакту Молатава і Рыбэнтропа, Сталін разам з фашысцкаю Нямеччынай працягваў падзел Усходняй Еўропы. Цяпер саветы захапілі тэрыторыю, якая адышла да Польшчы ў выніку Рыжскай дамоўленасці ў 1921 годзе.

«Гэта быў напад на суверэнную дзяржаву, якую прызнала міжнародная супольнасць.Гэта ацэньваецца так, што напад быў несправакаваны, а афіцыйным повадам як заявіў Сталін, як заявіў савецкі ўрад – Польская Рэспубліка не існуе. Хаця гэта было няпраўда, урад знаходзіўся на тэрыторыі краіны і не склаў з сябе паўнамоцтвы», – тлумачыць гісторык Аляксандр Краўцэвіч.

Адразу пасля далучэння заходніх тэрыторыяў распачаліся масавыя рэпрэсіі. Толькі ў першыя месяцы савецкай акупацыі паводле некаторых звестак былі расстраляныя больш за дваццаць тысячаў чалавек. Цягам наступных 2 гадоў з тэрыторыі заходняй Беларусі і Украіны выслалі 120 тысячаў чалавек, большасць – палякі. Надзеі некаторых на тое, што прыход савецкай улады палепшыць лёс, – ня спраўдзіліся

«Шмат хто з беларусаў, асабліва з беларусаў бедных, каторыя цярпелі на малазямелле, каторыя былі не задаволеныя асіміляцыйнай палітыкай польскай улады, каторыя былі не задаволеныя высокімі падаткамі, чулі прапаганду з усходняга, што там свабода ў БССР, там беларускія культура. Але ніхто адтуль не вяртаўся. Іх лічылі польскімі шпіёнамі», – распавядае Краўцэвіч.

Дата 17 верасня да сённяшняга дня выклікае спрэчкі ды пытанні аб гістарычнай справядлівасці. У Беларусі дзень гэтак званага ўз’яднання на афіцыйным узроўні не ўзгадваюць. Што адбылося семдзесят восем гадоў таму, ведаюць далёка ня ўсе, нават у Заходняй Беларусі.

Так ці інакш, лічаць гісторыкі, падзеі тых часоў маюць уплыў на тое, як выглядае сёння цяпер ужо суверэнная еўрапейская краіна Беларусь. Вось толькі дзяржаўнасць далёка не заўсёды гарантуе свабоду. Больш за дваццаць гадоў у нашай краіне брутальна парушаюцца правы чалавека.

Наста Ільіна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары