Прымушаюць плаціць болей – і не пускаюць да лічыльнікаў


Налічылі за цяпло больш чым у тры разы болей, чымся іншым, ды нават не дапусцілі да лічыльнікаў. Жыхары дому нумар 8 у Калінінградскім завулку ў сталіцы змагаюцца за свае правы, аднак чыноўнікі і міліцыя не толькі не пачулі іхных скаргаў, але і захапілі ўсе дакументы і банкаўскі рахунак таварыства ўласнікаў дому.

У сталіцы штогод павялічваецца колькасць жыхароў, якія аб’ядноўваюцца ў таварыствы ўласнікаў жытла. Гэтак людзі імкнуцца супрацьстаяць манаполіі ўладаў на камунальныя паслугі. Але практыка сведчыць, што не ўсім гэта ўдаецца.

Дом № 8, што ў Калінінградскім завулку, пабудавалі адначасова з домам нумар шэсць. На даху апошняга месціцца газавая кацельня, якая дае цяпло на два дамы. Гэтак было прадугледжана праектнай дакументацыяй. Праз нейкі час жыхары дому нумар восем сталі атрымліваць жыроўкі са значна вышэйшымі сумамі.

За цяпло яны плацяць амаль у 3,5 разы больш, чым іншыя грамадзяне краіны. Да лічыльнікаў у кацельні іх не пускаюць, дый не факт, што яны там ёсць.

«Паколькі ў доме ведамаснага пастаўшчыка энергіі жыве намеснік старшыні Першамайскага выканкама Дзмітрый Тадэвушавіч Шашок, які адказвае за жыллёва-камунальныя паслугі, ведамасны пастаўшчык мае заступніцтва і магчымасць ігнараваць усе законныя і дамоўленыя ўмовы і ставіць сабекошт гігакалорыі не ў адпаведнасці з інструкцыяй, якая была зацвержана Саветам міністраў, а свавольна», – кажа Ангеліна Буйноўская, старшыня праўлення таварыства ўласнікаў «Калінінградскі-8».

Летась жыхары дому нумар восем дамагліся супольнага сходу ў выканкаме Першамайскага раёну. Іх запэўнілі, што ўсе іхныя патрабаванні законныя, і паабяцалі вырашыць сітуацыю. Але праз пару дзён прыйшлі міліцыянты і забралі ў старшыні праўлення пячатку, усе дакументы і ключ да банкаўскага рахунку. Гэта загад кіраўніка аддзелу гарадской гаспадаркі адміністрацыі Першамайскага раёну. Таварыству ўласнікаў паведамілі, што замест старшыні праўлення будзе прызначаная ўпаўнаважаная асоба.

«Гэта супярэчыць усялякаму здароваму сэнсу! Дзе заканадаўства? Дзе рашэнні суду? І гэта пры тым, што гэта наша ўласнасць. Нашымі грашыма распараджаюцца прызначаныя выканкамам людзі, а мы пра гэта паняцця на маем», – кажа жыхар дому Артур Зафранскі.

У доме нумар восем – 49 кватэраў, і ўсе яны трохпакаёвыя. Штомесячная плата складае больш за 200 рублёў, бо ідуць немалыя адлічэнні на капітальны рамонт. Нарэшце стала зразумелая роля прызначанай упаўнаважанай асобы. Увосень раптам амаль усе назапашаныя грошы таварыства пералічылі нейкай арганізацыі «Лемарсі» на рамонт цеплавузла ў падвале дому. Гэта пры тым, што таварыства мае дамову на бягучы рамонт з іншай фірмай. Дарэчы, рамонт гэтак і не дарабілі.

«Нейкія левыя арганізацыі рабілі. Мы нават не ў курсе хто там што рабіў, як там усё было зроблена. Ніхто не давёў нам да ведама. Але знялі вялікія грошы. Больш за 14 000», – кажа жыхарка дому №8 Ала Фарына.

Жыхары звяртаюцца ў розныя ўстановы і просяць даць прававую ацэнку дзеянням мясцовых уладаў і чыноўнікам ад камунальнай гаспадаркі.

Як атрымалася, што распарадчыкам банкаўскага рахунку ёсць старшыня праўлення таварыства ўласнікаў, а нейкая прызначаная чыноўнікам «упаўнаважаная асоба» спісвае фінансавыя сродкі з фонду адлічэнняў жыхароў на карысць нейкай фірмы?

«Паказалі ліст з выканкаму аб тым, што не выконваюцца патрабаванні старшынёй нашага таварыства. Але ў чым канкрэтна не выконвае? Яны дагэтуль не прадставілі нам ніякіх звестак», – Сяргей Васіленка, жыхар дома №8.

Усе калектыўныя звароты жыхароў у адміністрацыю Першамайскага раёну сталіцы, Камітэт дзяржкантролю і пракуратуру перанакіроўваліся ў адміністрацыю раёну. Каб разарваць замкнёнае кола, людзі спадзяюцца на стварэнне незалежнай камісіі. Менавіта ад яе чакаюць, што чыноўнікаў адміністрацыі раёну пакараюць і забавяжуць іх вярнуць фінансавыя сродкі таварыства ўласнікаў.

Любоў Лунёва