70-годдзе Кампартыі Кітаю: парад у Пекіне і забойства пратэстоўца ў Гон-Конгу


Кітай працягвае маштабныя святкаванні 70-годдзя кіравання камуністычнай партыі. Улады зладзілі маштабны ваенны парад і гала-канцэрт у сталіцы. А ў Гон-Конгу падчас разгону акцыі пратэсту кітайскія паліцыянты ўжылі агнястрэльную зброю са смяротным вынікам.

Генеральны сакратар ЦК Камуністычнай партыі Кітаю, старшыня КНР Сі Цзінь Пін на ўрачысты парад прыйшоў у шэрым фрэнчы ў суправаджэнні сваіх папярэднікаў-генсекаў Ху Цзінь Таў і Цзян Цзэ Міня. Генсек асабіста павітаў войскі з аўтамабіля і прыняў парад баявой тэхнікі. Сярод танкаў, гарматаў і авіяцыі вайсковую магутнасць Кітаю дэманстравалі звышгукавыя ўдарныя беспілотнікі і міжкантынентальныя балістычныя ракеты «Дун-Фэн 41» з ядравымі боегалоўкамі. На плошчу пусцілі толькі 30 тысячаў абраных гледачоў.

Вось што кажуць наведнікі параду кітайскаму дзяржаўнаму тэлебачанню:

«Я так радая пабачыць, як усе святкуюць 70-ю гадавіну стварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі!»

«Прыйсці сюды – найвялікшы гонар у маім жыцці».

Таксама па плошчы Т’янь-Ань-Мэнь, дзе 30 гадоў таму ўлады танкамі раскаталі мірныя студэнцкія дэманстрацыі, сёння прайшлі 100 тысяч удзельнікаў тэатралізаванага шэсця ў гонар заснавання Камуністычнай партыі і абʼяднання ўсіх народаў.

«Я прыехаў з Гон-Конгу. Мы ўсе мусім абʼяднацца ў гарманічным грамадстве – для лепшай будучыні», – заявіў у эфіры дзяржаўнага тэлебачання Хўан Цзя Хэ, бізнесовец з Гон-Конгу.

Што будзе з тымі, хто не хоча аб’ядноўвацца і святкаваць, паказалі пракітайскія ўлады Гон-Конгу, які мае шырокую аўтаномію ад Пекіну. Паліцыя разагнала мірную прадэмакратычную акцыю пратэсту вадамётамі, слезацечным газам і гумавымі кулямі. Падчас сутыкненняў паліцыянты ўжылі агнявую зброю.

Увесь свет абляцелі кадры, як паліцыянт мэтанакіравана бяжыць у групу пратэстоўцаў з рэвальверам і страляе ў грудзі аднаму з іх. Праз некалькі хвілінаў юнак памёр. Да публікацыі відэа паліцыя заяўляла, што агонь выкарыстоўвалі ў мэтах абароны.

Яраслаў Сцешык belsat.eu