Аб'ектыў 11.04.2019 7 паркінгаў, шматпавярховік і забаўляльны цэнтр замест дрэваў і дзіцячых пляцовак. Менск зноў ушчыльняюць


Тэма нядобрасумленнага ўшчыльнення сталіцы з карупцыйнымі схемамі рэгулярна з’яўляецца ў нашых праграмах. На гэты раз да «Белсату» па дапамогу звярнуліся жыхары вуліцаў Сурганава, Якуба Коласа, Калініна і Кузьмы Чорнага. У гэтым квартале ўлады плануюць пабудаваць ажно 7 паркінгаў, шматпавярховік ды забаўляльны цэнтр. Замест дрэваў і дзіцячых пляцовак. Таццяна Уласенка.

«Вы пачынаеце там пілаваць, зносіць незразумела што, разворваць. Замест таго, каб парк недзе там закласці ці ў парадак прывесці, вы пачынаеце штампаваць жытло. Месца вам няма дзе жытло будаваць, абавязкова трэба канфлікт спарадзіць з насельніцтвам?» – абураецца Аляксандр Лукашэнка.

Гэтак кіраўнік краіны патрабаваў спыніць неабгрунтаванае ўшчыльненне сталіцы. З таго часу ён неаднаразова заклікае чыноўнікаў адмовіцца ад масавай забудовы Менску. Ляцяць галовы: за хабар затрыманы галоўны архітэктар сталіцы Павел Лучыновіч. Але гэта не спыняе чыноўнікаў і надалей распаляць канфлікты з насельніцтвам.

У межах вуліцаў Сурганава – Якуба Коласа – Калініна і Кузьмы Чорнага плануецца пабудаваць шматпавярховік, забаўляльны цэнтр, паркінг на сотні машынамесцаў. Што праўда, жыхарам паабяцалі і адзін дзіцячы садок:

«Тут жыла мая бабуля, прабабуля, і гэта цэнтральны раён, які мусіць захоўваць гісторыю і паказваць, якія ў нас дамы, а не якая колькасць аўтамабіляў у горадзе Менску».

«І цяпер хочуць агарадзіць нас вакол паркоўкамі, а дыхаць ужо сапраўды няма чым. Гэта быў дзіўны і ціхі цэнтр. Акрамя таго, збіраюцца зносіць пад гэта дрэвы, збіраюцца нерацыянальна траціць дзяржаўныя грошы».

«Мяне хвалюе сацыяльная інфраструктура. Таму што ёсць адна школа, у якой ужо зашмат дзяцей, больш, чым патрэбна быць, паліклініка, у якую не трапіць».

На прэзентацыі праекту няма замоўніка – Міністэрства архітэктуры і горадабудаўніцтва. А распрацоўнікі – «Менскграда» – не маюць плану дэталёвае планіроўкі, высноваў экалагічнай экспертызы.

«Паркінгі. Па разліках, каторыя выкананыя…(Рэпліка з зала: «Чаму пабудавалі без праекту?») – Вам сказаць, што нашая арганізацыя не мае аніякага дачынення да праекту, у пяты раз?» – адказвае Аляксандр Акенцьеў, архітэктар «Менскграда».

Таму жыхары прагаласавалі абвесціць гэтае паседжанне несапраўдным. Шокам для іх стала планаванне будаўніцтва 7 паркінгаў, большасць з якіх – шматузроўневыя. Актывіст Валерый Языкоў кажа:

«Самае галоўнае парушэнне – гэта тое, што паркоўкі будуць пралягаць на шляху пешаходаў, дзяцей, гэта не вытрымлівае аніякай крытыкі. Ну і пад вялікім пытаннем мэтазгоднасць такой вялікай колькасці месцаў для такой шчыльнай забудовы».

Старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч жыве ў гэтым раёне. На думку палітыка, гэта выключна бізнес-праект для інвестара, пра сацыяльна значныя абʼекты для насельніцтва гаворкі не вядзецца.

«Бо відавочна, што ніводзін інвестар не будзе ўкладаць грошы ў знос будынкаў, у тым ліку і жылых дамоў для пабудовы гэтых паркінгаў, каб пасля аддаць гэта жыхарам. Відавочна, што гэта платныя паркоўкі пад чарговыя бізнес-цэнтры. Такім чынам, двары, дзе пражываюць грамадзяне, ператвараюць у дзелавую зону», – гаворыць Юрый Губарэвіч, старшыня руху «За Свабоду».

Напярэдадні палітык стварыў ініцыятыўную групу, куды адразу ўвайшлі каля двухсот чалавек. Разам яны будуць супрацьстаяць ушчыльненню тэрыторыі.

У межах вуліц Якуба Коласа і Калініна плануецца адразу некалькі паркінгаў. Мы прайшліся па дворыках вуліцы Калініна і не пабачылі аніводнай нармалёва абсталяванай дзіцячай пляцоўкі. Калі праект усё ж будзе зрэалізаваны, хутчэй за ўсё заместа пясочніцаў нашыя дзеці будуць гуляцца на парковачных месцах.

Таццяна Уласенка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары