Суд над французам: 7 гадоў за патрон-сувенір


Зала паседжанняў Гомельскага раённага суда не змясціла сёння ўсіх, хто прыйшоў на пачатак разгляду справы француза Жаляна Віё, якога затрымалі 21-га верасня на беларускай мяжы праз адзін пісталетны патрон у сваім заплечніку. Пасля пяцігадзінавых слуханняў суд перанеслі на пятніцу, а галоўным вынікам дня сталася адмова суддзі Тамары Застаўнецкай падтрымаць хадайніцтва пра змену меры ўтрымання для падсуднага.

«Вывучыўшы характар справы, суд лічыць хадайніцтва не падлягаючым задавальненню, бо артыкулы ч. 2 арт. 295 і ч. 1 арт. 333-1 КК – цяжкія ды асабліва цяжкія злачынствы, пазбаўленне волі можа быць ужытае толькі на падставе цяжкасці злачынства», – заявіла суддзя Тамара Застаўнецкая.

Цяжкасць здзейсненага Віё злачынства ставілі пад сумнеў нават сведкі

Андрэй Крыцкі – мытнік, які даглядаў у той дзень француза, прызнаўся, што той сам паказаў яму гэты патрон, адзначыўшы, што гэта сувенір. Крыцкі дадаў, што намеру хаваць яго падсудны не меў, і з чалавечага пункту гледзішча ніякага парушэння не адбылося. Аднак з пункту гледзішча закону Віё пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

«У законе ёсць артыкул, які прадугледжвае пакаранне ніжэй за самую нізкую санкцыю, гэта 70-ты артыкул. Таму з нашай выніковай пазіцыяй мы вызначымся пасля завяршэння судовага следства», – патлумачыў Дзмітрый Пяткевіч, адвакат Жаляна Віё.

Падтрымаць Жаляна прыехаў ягоны брат Гіём

Таксама ў зале паседжанняў прысутнічалі французскі консул у Беларусі Карын Бард’е і прадстаўнікі французскіх медыяў, якія пільна сочаць за справаю. Колькасць публікацыяў у замежных медыях у гэтай справе пераваліла за дзясятак і хутка расце. Ці задумваўся нехта ў сістэме беларускага правасуддзя над сувымернасцю здзейсненага Жалянам учынку і наступствамі ягонага доўгатэрміновага ўтрымання за кратамі для іміджу краіны – пытанне рытарычнае.

«Лічу, тое, што мой брат ужо 2 месяцы знаходзіцца ў вязніцы за здзяйсненне такога дробнага ўчынку гэта вялікая памылка. І спадзяюся, што гэтая гісторыя хутка скончыцца», – падзяліўся Гіём Віё.

21-га верасня, сёлета, пры пешым мінанні беларуска-ўкраінскае мяжы ў пункце пропуску «Новая Гута» Жалян Віё выбраў «чырвоны канал», з якога, праз даўгую бараду, мытнікі яго скіравалі на асабісты дагляд. Малады француз у першую чаргу выцягнуў са свайго заплечніка розныя сувеніры, у ліку якіх быў і той пісталетны патрон, падораны яму польскім сябрам. У Беларусі гэта палічылі дастатковаю падставаю, каб судзіць Віё адразу паводле двух артыкулаў: за незаконны перавоз агнявой зброі ды незаконнае абарачэнне забароненых рэчываў.

Ігар Кулей, «Белсат», фота: Іван Ярывановіч / TUT.BY