6 гадоў за адарваны рукаў курткі міліцыянта


Да шасці гадоў турмы пагражае Дар’і Паляковай за парваны рукаў курткі міліцыянта. Разгляд крымінальнай справы распачаўся ў судзе Ленінскага раёну Берасця.

«Абвінавачваюць, што я перашкаджала правасуддзю, нанесла цялесныя пашкоджанні, пабоі, абвінавачваюць у тым, што парвала куртку», – распавядае Дар’я.

Падчас адной з нядзельных акцыяў пратэсту Дар’я разам з іншымі жанчынамі спрабавала абараніць свайго калегу з прафсаюзу РЭП, якога брутальна затрымлівалі міліцыянты.

«Ой, я ўдзячны гэтым жанчынам за мужнасць і адвагу, якую яны праявілі, калі вырашылі мне такім чынам дапамагчы», – кажа Аляксандр Сухарук, сведка ў крымінальнай справе.

Спачатку за абарону Аляксандра Дар’я трапіла ў ізалятар, а пазней супраць яе распачалі крымінальную справу.

«Таксама выставілі пазоў, каб з мяне ўзялі спагналі суму за куртку. Паколькі яна была паношаная, то і вартасць – не новай курткі», – кажа Даря Палякова.

«За гэты рукаў – чалавека… Гэта ж непрапарцыйна здзейсненаму. Я дагэтуль не ведаю, як ён парваўся, неяк па шве парваўся. І за такі парыў нашых грамадзянаў судзяць?! Ну ні за што!», – абураецца Аляксандр Сухарук.

Дар’я – удава, сама гадуе дваіх дзетак. Прызнаецца, што спадзявалася на калядны цуд. Але суддзя Святаслаў Каліна не спыніў ганебнага суда, працяг разгляду крымінальнай справы адбудзецца 15-га студзеня.

«Гэта выкананне распараджэння Лукашэнкі: хто дакранецца да працаўніка міліцыі, таму адсякаць рукі. Таму пры разглядзе дадзенай крымінальнай справы спадзявацца на апраўдальны прысуд не даводзіцца», – кажа праваабаронца Уладзімір Малей.

А нават калі некаму зачытваюць апраўдальную пастанову, то гэта не азначае канца справы. Гэтак, суддзя Віталій Янюк апраўдаў жыхарку Наваполацку, якая ў кастрычніку проста ішла па сваім горадзе з дамскаю сумачкай, на якой была бел-чырвона-белая стужка.

«Ніякай сімволікі, лозунгаў, проста чалавек ідзе па вуліцы. Мяне таксама, калі выклікалі ў міліцыю, пыталі пра стужку. Я казала, што нашу яе больш за 10 гадоў. Але кажуць, што цяпер гэта ў іх лічыцца апазнавальным знакам», – распавядае Кацярына Вінакурава, фігурантка адміністратыўнай справы (арт. 23.34).

Неўзабаве сумленнага суддзю… звольнілі. А справу Кацярыны Вінакуравай на просьбу пракуратуры вярнулі на перагляд.

«Справа даўняя, тэрміны выйшлі, больш за 2 месяцы прайшло. А тое, што яны юрыдычныя нагоды знаходзяць, каб яе разглядаць, гэта яўна надуманае», – кажа актывіст Віктар Стукаў.

Хоць і надуманае, але выгаднае для ўладаў. Цяпер за тое, што ішла па вуліцы, Кацярына мае заплаціць 290 рублёў штрафу.

«На яе месцы можа апынуцца кожны, таму што ў нас чалавек можа пайсці па хлеб і апынуцца невядома дзе. Таму, канечне, такая падтрымка патрэбная», – Ірына Машарская, сяброўка Кацярыны Вінакуравай

Нельга хадзіць і нельга пісаць. За абразлівы каментар пад фотаздымкам міліцыянта ў цывільным гарадзенку Юлію Аршун асудзілі на два гады так званай «хатняй хіміі».

Вольга Старасціна, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў