Аб'ектыў 12.04.2019 58 гадоў ад першай выправы чалавека ў космас. А што ў космасе можа Беларусь?


Часы касмічнай гонкі ды эйфарыі ад падзеі даўно прайшлі, аднак на дзіва менавіта цяпер індустрыя высокіх палётаў набірае абароты. З кім і куды крочыць сучасны космас, ды дзе ва ўсёй гэтай новай касмічнай ліхаманцы месца нашай краіне?

Паспяховым запускам і пасадкаю новай амерыканскай звышцяжкай ракеты «Falcon Heavy» прыватнай кампаніі «SpaceX» адзначылі сёлетні сусветны дзень касманаўтыкі.

Апроч бездакорнага старту і вываду спадарожніка на арбіту ўпершыню ў гісторыі ўдалося адначасова пасадзіць адразу тры разгонныя ступені на Зямлю! «Falcon Heavy», пабудаваная прадпрымальнікам Іланам Маскам, адносіцца да класу самых складаных звышцяжкіх ракетаў.

Сваймі дзёрзкімі праектамі прадпрымальнік ужо перавярнуў касмічную гульню і неаднаразова даказаў: космас – справа прыватная! Гэткага ж меркавання і шэраг мільярдэраў ды візіянераў, што даўно адчулі перспектывы касмічнага маштабу.

Рычард Брэнсан, кіраўнік «Virgin Galactic»:

«Ведаеце, цягам 20 гадоў кошт на вандроўку ў космас будзе зніжацца. Пакуль гэта, вядома, дорага, але, падобна, зусім хутка будзе каштаваць 30 тысячаў долараў. Але нават цяпер ёсць ахвотныя заплаціць «Virgin Galactic» мільён долараў».

Касмічны кландайк цяпер бачаць і зусім невялікія краіны, якія пільна займаюцца ўласнымі праграмамі. Апошні прыклад – учорашняе крушэнне ізраільскага зонда «Beresheet», які даляцеў да Месяца, але не здолеў сесці.

Офэр Доран, кіраўнік касмічнай праграмы Ізраілю:

«Мы скончылі аналіз звестак тэлеметрыі. Падобна, адмовіў адзін з інерцыйных блокаў вымярэння, гэта пацягнула ланцуг праблемаў і адключэнне рухавіка. Аднак усё ж мы дасягнулі неверагоднага поспеху ў дастаўцы касмічнага апарату на Месяц».

А ці ведаюць на вуліцах Менску пра нашыя касмічныя поспехі?

«У нас няма ніякіх, ці я не асвядомлены пра нейкія касмічныя дасягненні. Толькі ў часы СССР»

«Калі знойдзецца такі Ілан Маск у нас – то, канешне, я толькі за! Каб ён развіваў касманаўтыку ў Беларусі, але пакуль праблемы краіны ў тым, каб развіць хоць тое, што маем на Зямлі».

«За апошні час я не ведаю… Ну там жа спадарожнікі робяць… А з ранейшага Клімук».

«Наколькі я памятаю, раз ужо спрабавалі казаць, што Беларусь касмічная дзяржава, але нешта не атрымалася нічога з гэтага».

Нягледзячы на скепсіс, нашая краіна мае ўласную касмічную праграму, спадарожнікі ды навуковы патэнцыял, які можна развіваць.

Што ж да асобаў, якімі варта ганарыцца, то тут найлепш узгадаць не савецкі час, а нашага суайчынніка, акадэміка Барыса Кіта, які спрычыніўся да запускаў місіі «Apollo» на Месяц і першы ў свеце напісаў падручнік пра ракетнае паліва. Ягонае імя закладзенае ў капсуле часу найлепшых навукоўцаў сусветнай касманаўтыкі, а Васіль Быкаў лічыў Барыса Кіта беларусам нумар адзін ува ўсім свеце!

Кірыл Смяглікаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары