«500 долараў мне толькі сняцца»: якія заробкі будуць пасля выбараў?


Штораз перад выбарамі мы чуем чарговыя абяцанкі Лукашэнкі пра рост заробкаў. Агорклае ад чакання «па 500» упершыню прагучала 14 гадоў таму. Сёння сярэдні заробак і сапраўды каля гэтай сумы, але фактычна яго маюць менш за палову беларусаў. Ну а што нас чакае пасля 9 жніўня?

Двойчы на год адмыслоўцы з Белстату дзеляцца падрабязнымі звесткамі пра аплату працы. Сярэдні травеньскі заробак паводле афіцыйных дадзеных склаў больш за 1200 рублёў, пры гэтым медыянны не дацягнуў нават 900. Гэта значыць, што палова працаўнікоў у краіне пасля адлічэння падаткаў мае на руках каля 320 долараў у эквіваленце. Выглядае на тое, што на славутыя «па 500» большасць можа не разлічваць. Вось што кажуць жыхары Магілёва:

«500 долараў мне толькі сняцца. Таму што не ведаю, як там для мужчын, а для жанчын у нас такая традыцыя, што нават калі ты 600 рублёў зарабляеш, гэта ўжо нармальна».

«На 500 долараў трэба працаваць тры месяцы – мне напрыклад».

«Я працую не ў дзяржаўнай сферы. І заробкі розныя».

«Дзесьці два гады 500 долараў ёсць, плюс-мінус».

«500 долараў мы ніколі не зарабляем. На мой погляд, гэта міф. Рэальны заробак прынамсі на палову».

«Добра, калі мы цяпер 300 долараў зарабляем, бо працаўнікі бюджэту – 375 рублёў».

Найлепшыя заробкі – традыцыйна ў сферы інфармацыйных тэхналогіяў: 3500 рублёў у сярэднім. Абумоўлена гэта ўмовамі глабальнага рынку працы – кажа кіраўнік Цэнтру Мезіса Яраслаў Раманчук:

«Калі беларусам будуць плаціць менш, людзі проста не будуць у Беларусі працаваць, яны з’едуць у Польшчу, Літву, Украіну, нават у Расею, якая будзе ўводзіць падатковы манеўр на заробкі айцішнікаў».

Сярэдні заробак, недасяжны для большасці беларусаў, трымаецца цяпер на абяцаным уладаю ўзроўні. Упершыню ж мантра «плаціць па 500» прагучала ў 2006 годзе – напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

«Эквівалент 500-600 – гэта, напэўна, столь, якую можа выдаваць беларуская эканоміка, пры чым не заўсёды. І без змянення мадэлі эканомікі, без рэформаў у нас будуць вечныя арэлі ад 500 да 300, потым у добрыя часы ад 300 зноў да 500», – гаворыць старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.

Мінулым месяцам Аляксандр Лукашэнка паабяцаў павысіць заробкі ажно ўдвая ў наступнай пяцігодцы.

«Не справа, што ў нас лекар, настаўнік, культурніцкія працаўнікі маюць такія нізкія заробкі. Гэта таму, што мы ў эканоміцы не вельмі добра працуем», – сказаў кіраўнік Беларусі.

На думку Вадзіма Іосуба, гэта ўсяго перадвыбарчае папулісцкае абяцанне. Каб плаціць бюджэтнікам удвая больш, трэба, каб адпаведным чынам вырасла эканоміка.

«Цяпер мы маем карціну іншую. З пачатку года паступленне падаткаў у бюджэт знізілася прыкладна на 20 %. Таму перспектываў павелічэння заробкаў у два разы, нават не ўсім бюджэтнікам, а асобным катэгорыям, я не бачу», – кажа Вадзім Іосуб.

«Калі ўлады будуць глядзець на эканоміку як на скрынку савецкую з сярпом і молатам… Як сёння кажа прэмʼер-міністр, у наступным годзе ў нас рост эканомікі будзе на 3,5 %, не маючы аніякага ўяўлення за кошт якіх рэсурсаў, – гэта проста, ведаеце, кухарка дакіравалася дзяржавай», – гаворыць Яраслаў Раманчук.

Пасля ж выбараў, паводле ацэнкі Яраслава Раманчука, нас чакае крызіс, якога мы не бачылі апошнія 30 гадоў.

Анастасія Русецкая, «Белсат»