500 долараў кожнаму – дэвальвацыя не за гарамі


Трэці раз на адныя і тыя ж граблі. У Беларусі ізноў гучаць прапановы каб ажывіць гаспадарку. Аляксандр Лукашэнка, які рэгулярна загадвае падняць заробкі беларусаў да $ 500, правёў адмысловую нараду «ў пытаннях развіцця эканомікі». Ці ёсць шанец для краіны вырвацца з замкнёнага кола?

Нестандартныя метады развіцця і паскарэнне айчыннай гаспадаркі

Галоўныя тэмы нарады кіраўніка краіны з экспертамі ў вузкім коле. Сярод прапановаў, як прызнаўся Аляксандр Лукашэнка, павялічыць грашовую масу ці, прасцей кажучы, уключыць друкарскі станок.

Ініцыятар прапановы, ён жа аўтар папярэдніх беларускіх дэвальвацыяў, экс-старшыня Нацыянальнага банку Пётр Пракаповіч. Сваю ідэю герой Беларусі прэзентаваў асабіста Лукашэнку.

Якія менавіта нестандартныя крокі мусяць дапамагчы беларускай эканоміцы, у прысутнасці тэлекамераў не агучвалі. Але вядома, што гаворка ішла пра дадатковую эмісію рубля.

Пра магчымыя наступствы такой прапановы «Белсату» распавёў Станіслаў Багданкевіч

«Выпускам пустых грошай у абыход – нічога не вырашаеш, апроч дэстабілізацыі на валютным рынку, апроч абясцэньвання нацыянальнай валюты і інфляцыі», – патлумачыў старшыня Нацыянальнага банку ў 1991-1995 гг.

Эксперт: «Нічога новага»

І хоць падчас нарады кіраўнік краіны заявіў, што маштабнай эмісіі не будзе, і гэта ж на словах пацвердзіў прэмʼер Андрэй Кабякоў, назваўшы друкаванне грошай «мінулым этапам», эксперты кажуць: тое, што да прапановы Пракаповіча прыслухаюцца – цалкам верагодна.

«Ёсць вялікае жаданне пайсці правераным шляхам, якім беларуская эканоміка ішла з 1996 года. Тое што ён сябе цалкам дэскрыдытаваў, гэта нікога не пужае, заўсёды падаецца, што зараз мы зробім гэта больш акуратна», – мяркуе эканаміст Леў Марголін.

Адметна, што ўключалі друкарскі станок перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года

У выніку атрымалі некалькі хваляў дэвальвацыяў на фоне абяцанняў сярэдняга заробку $ 500. Абяцанняў, якія гучаць і цяпер. Тады пачаліся перабоі з валютаю ў банках. Калі на пачатку 2011-га долар ЗША каштаваў Br 3000, то ў снежні таго ж года курс быў Br 8000. Што да сённяшняга курсу, то з 2010-га рубель абясцэніўся практычна ў 7 разоў.

Улады абяцаюць неўзабаве працягнуць дыскусію наконт будучыні беларускага рубля

Абмеркаванне мае адбыцца ўжо ў шырокім коле, на пашыраным паседжанні ўраду. Як сцвярджаюць эксперты, на найвышэйшым узроўні будзе ісці змаганне паміж умоўнымі маладым блокам ураду і старой камандаю. Адметна, што прапанова дадатковай эмісіі зʼявілася акурат пасля шэрагу затрыманняў працаўнікоў Нацыянальнага банку.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum