5 гадоў турмы за «любоў» да дзяцей. «У яго дома акрамя дзетдомаўцаў бывала шмат «няпростых» людзей»


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=rVd8V8CFdWk”][vc_column_text]Асудзілі за педафілію, але на волю – менш, чым праз два гады. У Менскім гарадскім судзе агучылі прысуд былому кіраўніку дабрачыннай арганізацыі «Дзеля дапамогі дзецям-сіротам» Вячаславу Давыдовічу – гэта 5 гадоў пазбаўлення волі. Але пакаранаму ўлічылі і ўжо адседжаныя амаль 3 з паловаю гады з 4-х за эканамічнае злачынства.

«Калі за сексуальныя дзеянні ў дачыненні няпоўнагадовых караюць такімі мінімальнымі тэрмінамі, то пра што гэта кажа? Гэта кажа пра тое, што дзяржаве ўсё роўна – і нашыя дзеці, і мы ўсё роўна», – кажа юрыст Тамара Сяргей.

Следства высветліла, што ахвярамі Давыдовіча ў 2010–2012-м гадах сталі выхаванцы дзіцячых дамоў. У справе – каля 10-ці эпізодаў палавых стасункаў з асобамі, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту.

«Можа і не дажыве да выхаду на волю, бо на ім замыкаюцца іншыя ўдзельнікі гэтага педафільскага гангу, якія да той пары яшчэ на волі, і не ведаем, хто дзе яшчэ ўсплыве», – мяркуе кіраўнік ГА «Разуменне» Андрэй Маханько.

Асуджанага звязваюць з фігурантамі гучнай «справы аб педафілах», якія, пачынаючы з 1989 года, здзейснілі гвалт над тысячамі падлеткаў. Аднаму з іх далі 17 гадоў турмы, другога, Алега Каменду, прызналі псіхічна хворым. Як выявілася, адным з месцаў, куды яны прывозілі дзяцей пад выглядам падпрацоўкі на будоўлі быў катэдж у мікрараёне Зацень. Яго ўласнік – Вячаслаў Давыдовіч.

«На летніх канікулах паміж 10 і 11 класам ездзіў з сябрамі ў Балгарыю. Ну, і патрэбныя былі кішэнныя грошы… Ды вось, папрасіўся да знаёмых на будоўлю падпрацаваць. А яны працавалі менавіта на гэтым абʼекце. Гэты самы Давыдовіч і да мяне спрабаваў чапляцца», – распавядае інтэрнаўт.

«Я асабіста быў знаёмы з гэтым чалавекам… Бываў і ў яго дома, у тым самым катэджы (мне на той момант было 22–23 гады)… Насамрэч у яго дома акрамя масы дзетдомаўцаў бывала і вялікая колькасць «няпростых» людзей», – узгадвае яшчэ адзін інтэрнэт-карыстальнік.

Гэта ананімныя каментары пад адмысловым расследаваннем парталу «Tut.by». Жыхары ваколіцы кажуць, што нічога падазронага не бачылі.

«Гуманітарная дапамога нейкая прыходзіла, увесь час даваў ім рэчы нейкія, але каб вось нешта.. Вось скажу шчыра, я яго ведаю з 1998 года, ні разу я яго ні гэта самае. Ён нават мне не паказаў нешта такое, што… Я б заўважыў», – распавядаюць суседзі Давыдовіча.

На гэтак званую будоўлю прывозілі і выхаванцаў Ястрэмбельскай школы-інтэрнату, цяпер гэта – Берасцейская абласная кадэцкая вучэльня. Калісьці тут вучыўся і Алег Каменда, і сам Давыдовіч. Пасля ў біяграфіі апошняга былі і Акадэмія МУС, і Адміністрацыя прэзідэнта.

«Калі ён некаторы час працаваў у адміністрацыі прэзідэнта, то вядома, што ў яго засталіся кантакты, а Адміністрацыя прэзідэнта ўсяляк спрабавала гэты працэс замяць», – мяркуе Тамара Сяргей.

Назіральнікі кажуць, што сетка педафілаў можа быць большая, але ці на лаве падсудных неўзабаве зʼявяцца іншыя ўдзельнікі? Андрэй Маханько сумняецца.

«Калі гэтыя самыя аператыўныя супрацоўнікі кажуць пра 10 тысяч хлопцаў, якія сталі ахвярамі гэтых злачынцаў, то нідзе ў свеце ў мірны час такіх выпадкаў не адбывалася. Калі гэта выбухне, то гэта будзе на самай справе выбух. Таму выпадкі фрагментуюцца на асобныя крымінальныя справы», – упэўнены кіраўнік ГА «Разуменне» Андрэй Маханько.

І выносяцца прысуды, логіку якіх грамадскасць зразумець не можа: за гвалт над няпоўнагадовымі тэрміны меншыя, чымся за акцыі пратэсту.

ТР, «Белсат»