5 гадоў без Барыса Нямцова


5 гадоў таму не стала Барыса Нямцова. Ён бясстрашна глядзеў уладам у твар, патрабуючы дэмакратычных свабодаў, забілі ж яго стрэламі ў спіну, недалёка ад крамлёўскіх муроў. Якім памятае Нямцова Расея, а таксама Беларусь, для якой ён хацеў еўрапейскай дэмакратычнай будучыні?

Горы кветак атачаюць партрэт Барыса Нямцова на Вялікім Маскварэцкім мосце… Пятая гадавіна забойства палітыка, які матываваў тысячы людзей на змаганне за грамадзянскія свабоды і супраць збудаванай Пуціным сістэмы. Першыя кадры на месцы забойства зрабіў фатограф Георгій Малец:

«Барыс Нямцоў ляжаў на 30 метраў ніжэй, чым знаходзіцца мемарыял. Барыс быў вельмі жыццярадасным энергічным чалавекам і ўсведамляць што ён загінуў – было немагчыма».

У адказ на страту – шматтысячныя мітынгі і патрабаванні – шукаць вінаватых. У 2017 годзе вінаватымі ў здзяйсненні забойства на замову асудзілі пяцярых мужчынаў чачэнскага паходжання, на тэрміны 11-20 гадоў. Замоўнікаў – не назвалі, хоць таго патрабавала і ўсцяж чакае сусветная супольнасць. Намеснік амбасадара ЗША ў Маскве Барт Горман таксама сёння ўскладаў кветкі:

«Мы зноў заклікаем расейскія ўлады знайсці арганізатараў і замоўцаў гэтага страшнага забойства. Мы таксама заклікаем расейскія ўлады ўшанаваць яго памяць».

Замест мемарыялу Уладзімір Пуцін сёння наведваў забаўляльны комплекс! Беларуская дэмакратычная супольнасць таксама ўздымае «Нямцоўскае пытанне» на Захадзе, як ён пры жыцці ўздымаў беларускае… Казаў:

«Я хачу каб Беларусь зрабілася свабоднаю і патлумачу чаму… Бо тады і ў Расеі з’явіцца шанец зрабіцца свабоднаю».

У 2013 годзе Нямцоў падпісаў пагадненне аб супрацы з Абʼяднанай Грамадзянскай партыяй, якую тады ачольваў Анатоль Лябедзька. Палітык узгадвае:

«Згадваю, як ён дапамагаў нам арганізаваць сустрэчы маці і жонак зніклых беларускіх палітыкаў у Думе і, што падавалася немагчымым, але сабраў подпісы чальцоў усіх фракцыяў за выключэннем відаць Зюганава».

Гэта было яшчэ да 2003, калі фракцыя Нямцова «Саюз правых сіл» не прайшла ў Думу. Годам раней – Лукашэнка дэпартаваў палітыка федэральнага ўзроўню з Беларусі без права вяртацца. Аднак чуць пра яго перыядычна даводзілася. Пасля выбараў 2008 года журналістка «Уніян» спытала:

– У пятніцу Барыс Нямцоў сказаў, што вы вызвалілі Казуліна толькі…

– О божа, а дзе ён цяпер?

– У Маскве…

– Каб мы яго не дэпартавалі, яго б ніхто і не ведаў цяпер…

«Наш кандыдат – пераможца – Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін». Ведалі яго і ішлі за ім на вуліцы натоўпы нязгодных з нязменнасцю расейскай улады. Пра выбары Барыс казаў, што гэта фарс і галасаваў адпаведна – супраць усіх! Ён быў адным з лідараў пратэстаў супраць анексіі Крыму ў 2014 і падтрымання сепаратыстаў на Данбас:

«Гэта антываенны марш, антываенны мітынг. Мітынг супраць варʼяцтва Пуціна. Мітынг за добрасуседскія стасункі з брацкім народам Украіны».

Перад выбарамі 2014 года Нямцоў апублікаваў справаздачу аб шматмільярдных крадзяжах і карупцыі з удзелам набліжаных да Пуціна бізнесоўцаў і чынавенства. Менш чым праз год яго забілі. А праз паўтара года ў Кіеве забілі журналіста Паўла Шарамета, блізкага сябра і аднадумца Барыса, які вёў паніхіду ня ягоным пахаванні. Імёны замоўцаў не названыя ў абодвух выпадках…

У ЗША імя Барыса Нямцова надалі плошчы, дзе месціцца амбасада Расеі. Ініцыятыву падтрымалі яшчэ некалькі краінаў, сярод якіх Літва. Эмануэліс Зінгерыс, дакладчык па справе Нямцова ў ПАРЭ:

«Нямцоў – гэта сімвал салідарнасці, дэмакратыі, гэта сімвал шанавання іншага меркавання».

Масква афіцыйна не ўшаноўвала памяці Нямцова. Гэты мост – «Нямцоў мост» толькі для тых, хто наведвае народны мемарыял памяці.

Юлія Цяльпук, «Белсат»