46-ты прэзідэнт ЗША прыйшоў да ўлады


Цырымонія інаўгурацыі прэзідэнта Злучаных Штатаў Джо Байдэна адбываецца ў Вашынгтоне. Доналд Трамп пакінуў Белы дом за некалькі гадзінаў да пачатку ўрачыстасці і ўдзелу ў ёй не браў. Падрабязней пра асаблівасці сённяшняга пераходу ўлады Ірына Дарафейчук.

Без гасцей, без традыцыйнага балю, без урачыстага шэсця ад Кангрэсу да Белага дому і без удзелу прэзідэнта-папярэдніка – апоўдні каля Капітолію пачалася інаўгурацыя 46-га прэзідэнта ЗША Джо Байдэна.

Каманда новага прэзідэнта заклікала амерыканцаў глядзець цырымонію па тэлевізары. А на Нацыянальнай алеі, дзе падчас папярэдніх інаўгурацыяў збіралася да двух мільёнаў чалавек, размясцілі 200 тысяч сцягоў.

Захады бяспекі перад інаўгурацыйнымі ўрачыстасцямі былі беспрэцэдэнтныя. Капітолій і Белы дом абгарадзілі бетоннымі блокамі, платамі з калючым дротам, усталявалі кантрольна-прапускныя пункты.

«Калі ў вас няма інаўгурацыйнага пропуску, вы не можаце ўвайсці», – тлумачыць ахоўнік перад адным з такіх пунктаў.

Закрылі таксама значную частку Вашынгтону, дарогі ды станцыі метро, масты ў горад. За бяспекаю сочаць 25 тысячаў адмыслова адабраных байцоў нацыянальнай гвардыі.

«Нацыянальная гвардыя паўсюль, іх вельмі шмат у любой частцы гораду. І здаецца, яны закрылі амаль увесь цэнтр гораду».

«Усе вар’яцеюць, напружанасць вельмі вялікая».

«Гэта, несумненна, вельмі дзіўна. У гэтым горадзе ніколі не было так шмат вайскоўцаў і столькі паліцыі. Мы разумеем, чаму так, але гэта падаецца вельмі дзіўным. І так, гэта досыць змрочна», – дзеляцца назіраннямі жыхары Вашынгтону.

Падвышаныя захады бяспекі напярэдадні інаўгурацыі прынялі не толькі праз эпідэмію каронавіруса, але і праз падзеі 6-га студзеня, калі прыхільнікі Доналда Трампа штурмавалі будынак Капітолію, аспрэчваючы вынік выбараў. Падчас штурму загінулі пяць чалавек.

Доналд Трамп адмовіўся прысутнічаць на цырымоніі інаўгурацыі, якая традыцыйна была сімвалам мірнай перадачы ўлады, а ў дваццаціхвіліннай развітальнай прамове ні разу не згадаў імя свайго наступніка.

«На гэтым тыдні мы чакаем прыходу новай адміністрацыі ды молімся за яе поспех у захаванні бяспечнай і квітучай Амерыкі. Мы выказваем найлепшыя пажаданні, а таксама зычым, каб ім пашанцавала – вельмі важнае слова», – казаў Доналд Трамп у развітальнай прамове.

Перад інаўгурацыяй Джо Байдэн разам з новай віцэ-прэзідэнткай Камалай Гэрыс правялі цырымонію ўшанавання чатырохсот тысяч ахвяраў каронавіруса ля мемарыялу Лінкальна. Змаганне з эпідэміяй новаабраны прэзідэнт плануе зрабіць прыярытэтам свайго кіравання. Між іншага – праз вяртанне ў Сусветную арганізацыю здароўя, з якой паўгода таму разарваў стасункі Трамп.

Трампу ж пагражае імпічмент, пытанне бліжэйшымі днямі мае разгледзець Сенат. Станоўчае рашэнне будзе азначаць, што ў будучыні Трамп не зможа балатавацца на пасаду прэзідэнта Злучаных Штатаў.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu