450 год Люблінскай уніі – аб'яднанню Каралеўства Польскага і ВКЛ у Рэч Паспалітую


У выніку гэтага саюзу ў 16 стагоддзі Рэч Паспалітая сталася найбуйнейшай дзяржавай ва ўсходняй Еўропе. Сёння 450 год падпісанню Люблінскай уніі.

Міжнародныя дэбаты і супольныя заявы, канцэрты і гістарычныя імпрэзы – у польскім Любліне ўрачыста адзначылі 450-годдзе падпісання Люблінскай уніі.

Саюз, утвораны ў Любліне ў 1569 годзе, аб’яднаў Польскае Каралеўства і Вялікае Княства Літоўскае ў адну дзяржаву – Рэч Паспалітую абодвух народаў.

Люблінская унія выратавала Вялікае Княства Літоўскае ад паразы ў Лівонскай вайне з Масковіяй, не даўшы маскавітам захапіць гістарычныя беларускія землі, але гісторыкі адзначаюць, што саюз гэты быў вымушаным крокам.

«ВКЛ утрымала ўсходнія і цэнтральныя рэгіёны, страціўшы на карысць кароны ўкраінскія паўднёвыя ваяводствы, і далей ВКЛ развівалася ўжо як літоўска-беларускае ўтварэнне», – тлумачыць гісторык Алег Дзярновіч.

Гісторык Ігар Мельнікаў кажа:

«Геапалітычна ад гэтага абʼяднання гістарычнай Літвы і Рэчы Паспалітай выйграла наша заходняя суседка, але ў той цяжкай сітуацыі, калі Іван Жахлівы спрабаваў акупаваць тэрыторыі ВКЛ, даводзілася шукаць гэтага пагаднення, гэтых сувязяў».

Сучасная Беларусь мае такое ж права на гістарычную спадчыну Люблінскай уніі, як і Польшча і Літва, падкрэсліваюць гісторыкі. Але веды беларусаў пра гэтую падзею грунтуюцца выключна на згадках школьнага курсу гісторыі.

«Толькі чуў, што была такая, але не помню і не ведаў ніколі».

«Звязана з Рэччу Паспалітай і ВКЛ. Нібыта Люблінская унія давала сялянскія правы?»

«Помню адно – там нібыта вяселле было? Калі я правільна помню».

«Канфедэрацыя ВКЛ і Польскага каралеўства».

«Ну нібыта часы былі небяспечныя, войны былі, для ўмацавання межаў, тэрыторыі», – распавядаюць жыхары Менску.

У адрозненне ад Польшчы або Літвы, у Беларусі на дзяржаўным узроўні ўгодкі падпісання Люблінскай уніі не адзначаюцца. І гэтаму ёсць прычыны, кажа гісторык Ігар Мельнікаў:

«У Беларусі ўсе старонкі беларускай гісторыі, якія звязаныя з Еўропай, не з Расеяй, адцэнзураваныя, яны разглядаюцца з пункту гледжання ўсходняга, а не заходняга суседа Беларусі, і таму гэтую гадавіну разглядаюць у ценю».

У такіх умовах функцыі адукавання і папулярызацыі гістарычных ведаў можна выконваць праз кнігі, напісаныя цікавай мовай, ці праз рэканструяванне гістарычных падзеяў, раіць Ігар Мельнікаў.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu