400 чыноўнікаў пакаралі за цяганіну пры разглядзе зваротаў грамадзянаў


Штогод толькі ў Адміністрацыю прэзідэнта звяртаюцца каля 30 тысяч асобаў. Часта гэта ці не апошняя інстанцыя, калі мясцовыя чыноўнікі або не адказалі, або не змаглі развязаць праблемы.

Летась за цяганіну пры праглядзе зваротаў грамадзянаў прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці 400 чыноўнікаў, пра што паведаміў у эфіры «Беларусь-1» кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Актывістка ініцыятывы «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» распавяла, як зварот да ўладаў можа быць больш дзейны.

«Каб атрымаць нейкі вынік, неабходна першае – гэта набрацца цярпення. Другое – неабходнае цярпенне. Трэцяе – найлепш за ўсё прыходзіць на асабісты прыём. Бо асабісты прыём, як я кажу, вочы ў вочы, магчыма тады прымусіць чыноўніка нейкім чынам павярнуцца тварам да грамадзяніна», – распавяла юрыстка і праваабаронца Тамара Сяргей.

Праз месяц мусіць прыйсці адказ. А што рабіць, калі яго няма?

«Калі грамадзянін будзе пісаць пра сваю праблему, ён павінен напісаць, і нават працытаваць той артыкул Канстытуцыі, якую парушаюць чыноўнікі. Было б нядрэнна, калі б грамадзянін пазнаёміўся і з нейкімі падзаконнымі актамі ў Канстытуцыі, якія таксама парушаюць нашыя чыноўнікі», – дадала Тамара Сяргей.

Ці звяртаюцца па дапамогу чыноўнікаў жыхары краіны?

«Мяркуючы з таго, як увогуле працуе сістэма, мне падаецца, што вырашыць яна нічога не можа».

«Я думаю, што ім самім нават цікава даведацца меркаванне народу, бо не ўсе з іх глыбока ведаюць гэтую тэму ўнутры краіны».

«Тут гледзячы куды пайсці і як звярнуцца. Ад гэтага ж яшчэ залежыць».

«Павінныя, напэўна, дапамагаць, калі іх выбралі».

Магчыма, каб дапамагалі больш спраўна, Ігар Сяргеенка паабяцаў, што Адміністрацыя працягне курс на аднаўленне і амаладжэнне кадраў. Ці стае на гэта кадравых рэзерваў?

«Новы галава адміністрацыі. Мяркуючы з усяго, ён вызначыў свае прыярытэты, як праца з грамадзянамі і падбор кадраў. Раней прыярытэты былі трошкі іншыя. Чым больш у нас адбываецца амаладжэнне кадраў, тым больш прынамсі рэальных кіраўнікоў краіны набліжаецца да ўзросту прэзідэнта нашай краіны», – мяркуе Аляксандр Пласкавіцкі, былы кіраўнік галоўнага дзяржаўнага кіравання Адміністрацыі прэзідэнта.

Адміністрацыя прэзідэнта паабяцала, што сёлета працаўнікі правядуць прыёмы грамадзянаў ува ўсіх раёнах Беларусі і гарадах абласнога падпарадкавання. Між іншым, яе свежапрызначаны кіраўнік абяцае надаваць увагу «чысціні кадраў».

Дзіяна Раткевіч belsat.eu