40 градусаў, пагрозы і вада з туалета. Працаўнікі гомельскага «Каштану» пра невыносныя ўмовы


Працаўнікі гомельскага «Каштану» змагаюцца за падставовыя ўмовы працы: ім не выдаюць спецвопраткі, шапак ды сродкаў індывідуальнай аховы, для працаўнікоў, якія стаяць каля канвееру ў шумных цэхах, няма бярушаў, а паветра ад абсталявання награецца да невыносных тэмператураў.

«У цэху было больш 40 градусаў, вады пітной увогуле не было. Ён нам сказаў – піце ў туалеце. З сабой ваду прыносіць нельга, у бутэльках, кубкі нельга, выкарыстоўваць пластыкавую ўпакоўку, што мы робім, таксама нельга», – паскардзілася працаўніца прадпрыемства на ўмовах ананімнасці.

Спачатку працаўнікі спрабавалі пайсці на міравую і дамовіцца з кіраўніцтвам наўпрост, але атрымалі толькі пагрозы.

«У працоўныя кніжкі мы вам напішам такое, што вы не ўладкуецеся ні на адну працу, мы характарыстыку будзем вам даваць такую, што таксама нікуды не ўладкуецеся – поўны псіхалагічны ціск», – дадала ананімная крыніца «Белсату» на прадпрыемстве.

Абураныя працаўнікі накіравалі заявы ў пракуратуру

А таксама ў мясцовы выканкам ды інспекцыю па працы. Дакументы падпісалі 16 чалавек. Але пасля таго, як незадаволеных сталі па чарзе выклікаць у кабінет да начальства, палова ад прэтэнзіяў адмовілася. Калі па каментар да дырэктара прыйшлі журналісты, на іх без лішніх размоваў выклікалі міліцыю.

У гэты ж час кампанія размяшчае новыя вакансіі, у тэксце да якіх падкрэслівае, што «Каштан» робіць, цытата, «усё магчымае для стварэння спрыяльных і камфортных умоваў працы, фармавання магчымасцяў для карʼернага росту». Такія заявы абураюць працаўнікоў і з боку начальства выглядаюць як насмешка.

Што рабіць у падобных выпадках?

Паводле працоўнага кодэксу, працаўнік можа развязаць умову ў выпадку, калі наймальнік парушае закон. Згодна з 41-м артыкулам, кампанія выплачвае кампенсацыю памерам 3 сярэднія заробкі.

«Як павядзе сябе прыватнік – цяжка сказаць, практыка паказвае, што яны даводзяць да абсурду, даводзяць да суда, але мы гатовыя пасля адмовы задаволіць заяву пайсці ў суд і ў судзе даказваць тое, што наймальнік парушае», – падкрэсліў праваабаронца Леанід Судаленка.

Інспекцыя па працы, што наведвала прадпрыемства на змову саміх працаўнікоў, пацвердзіла: парушэнні ёсць. Таму, калі кіраўніцтва не пойдзе насустрач, абураныя працаўнікі звернуцца ў суд – доказы ў выглядзе экспертызы ў іх ужо ёсць.

Настасся Храловіч, «Белсат»