«40-60 % у дзень мы губляем выручкі». Прадпрымальнікі просяць знізіць арэндную плату


Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія здымаюць плошчы на рынках і ў гандлёвых цэнтрах, звярнуліся да адміністрацыяў гэтых аб’ектаў з просьбаю знізіць арэндную плату не менш чым на шэсцьдзесят адсоткаў.

Прадпрымальнікі кажуць, што без дапамогі не перажывуць час эпідэміі:

«Як вядома, у нас 40 % працоўных месцаў фармуе малы і

сярэдні бізнес. Мы рызыкуем атрымаць марш пустых рондаляў».

«Вельмі цяжка нам жывецца, мы стаім, у нас няма гандлю».

«Тое, што ў краіне такое… Нічога невядома. Страшна, вось і ўсё».

Паводле Анатоля Шумчанкі з абʼяднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» арэндадаўцы насустрач не ідуць. Маўляў, каранцін у краіне не абвешчаны, то адкуль паніка?

«У Віцебску адна адміністрацыя адказала: у нас каранціну няма, кароновіруса эпідэміі няма, межаў мы не закрывалі, яны адкрыты, надзвычайнага становішча няма, мы прыватная ўласнасць, таму нічога вам зніжацьне будзем», – кажа Анатоль.

Тым часам з 1 красавіка на 95 капеек вырасце яшчэ і базавая арэндная стаўка. Цяпер яна складзе 17 рублёў 95 капеек. Чарговая сфера бізнесу, па якой эпідэміялагічная сітуацыя бʼе наймацней, – грамадскае харчаванне. Петыцыю ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбаю падтрымаць галіну, за содні падпісалі 265 чалавек.

Слава Батурчык, уладальнік BURGERLab кажа: «Дзесьці 40-60% у дзень мы губляем выручкі з-за крызісу, з-за скачка даляра, з-за пандэміі, з-за таго, што людзі проста баяцца выходзіць на вуліцу. Адзінае, хоць бы на гэты час, які будзе праходзіць, хоць бы арэндныя вакацыі або зніжка на арэнду».

Учора Нацбанк рэкамендаваў камерцыйным банкам даць фізічным асобам крэдытныя вакацыі. Ці плануюцца захады падтрымання для індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў, невядома.

Эканаміст Сяргей Балыкін кажа: «Загадаць камерцыйным банкам прапанаваць крэдытныя вакацыі Нацбанк не можа. Для гэтага трэба альбо прыняцце закону парламентам, альбо дэкрэт прэзідэнта».

Без падтрымання малога і сярэдняга бізнесу, паводле Сяргея Балыкіна, узровень беспрацоўя ў краіне вырасце ў разы. Прычым улады Беларусі дагэтуль фактычна ігнаруюць небяспеку новага каронавірусу і ў адрозненні ад усіх суседзяў нават не закрываюць межаў. Калі ж каранцінны рэжым дабярэцца і да нас, нагрузка на самыя ўразлівыя сферы бізнесу і групы насельніцтва можа толькі павялічыцца.

Алена Дубовік, «Белсат»