4 сакавіка можа прагучаць самы жорсткі прысуд у гісторыі антыкарупцыйных справаў Беларусі


Гаворка не пра апошні гучны працэс супраць медыкаў, а пра суд гэтак званага гаманца менскага гарвыканкаму. На лаве падсудных – кіраўнік Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Барысевіч, а таксама 12 кіраўнікоў харчовых камбінатаў, школьных сталовак і крамаў.

Барысевічу следства налічыла больш за 90 тысяч долараў хабару. Сёння на апошнім слове ў судзе мы пабачылі зрэз сярэднестатыстычных загадчыц сталовак і харчовых камбінатаў. Яны прызналі, што перадавалі чыноўніку грошы, а той меўся заплюшчваць вочы на парушэнні ў іхных гаспадарках. Дарэчы, якія корміць тысячы дзетак у адным толькі Менску.

Справа слухаецца ў самай прытульнай зале Менскага абласнога суда. Барысевіч і 4 кіраўнікі харчовых камбінатаў розных раёнаў Менску – вось у такой цывільнай клетцы.

Загадчыцы сталовак і крамы «Жывінка» – на лавах. Нягледзячы на слёзы і маленні, усім ім пагражаюць турэмныя тэрміны. Алена Заяц, адвакатка ў справе:

«Сёння быў адноўлены працэс для ўнясення толькі адной квітанцыі. Да таго, што сёння мы сказалі ў судзе, нам сказаць больш няма чаго: Вера цалкам раскайваецца».

Прызнаў шматлікія эпізоды хабараў і Барысевіч. Яга таксама вінавацяць у патуранні злачынству і крадзяжы шляхам злоўжывання паўнамоцтвамі. Яму будзе цяжка зменшыць запатрабаваныя пракурорам 14 гадоў зняволення. Іншыя 12 фігурантаў сцвярджаюць, што сістэма пабораў існавала яшчэ перад іхным прыходам на пасаду. Маўляў, яны толькі дапасоўваліся да рэаліяў працы.

Бок абвінавачання ў справе:

«Нічога вам не скажу».

Паводле следства, карупцыйная схема нагадвала рэкет 90-х. У залежнасці ад абароту, крамы і харчовыя камбінаты меліся адлічваць сталыя сумы Барысевічу – ад адной да двух з паловаю тысяч долараў за месяц. Вырак у справе – 4 сакавіка.

Але не Барысевіч – вяршыня піраміды. Паводле асуджанага, частку сродкаў ён перадаваў намесніку мэра Менску Андрэю Дамарадскаму. Апошні чакае на суд у СІЗА, але паводле іншай справы, звязанай з хабарамі. Як і ў «справе лекараў», следства спынілася за крок ад кіраўнікоў ведамства.

Алесь Залеўскі, belsat.eu