4 дні да ўльтыматуму і нарада ў Лукашэнкі


Прэм‘ер-міністр, кіраўнікі абедзвюх палатаў парламенту, Вярхоўнага суда, адміністрацыі прэзідэнта, кіраўнікі вобласцяў і сілавых ведамстваў – агулам больш за 20 чалавек. Аляксандр Лукашэнка сабраў кіраўніцтва краіны на нараду ў палацы незалежнасці. Апроч палітычных ды эканамічных пытанняў вылучылі асобны блок:

«Трэцяя група датычыць пытанняў бяспекі, тут прысутнічаюць прадстаўнікі ўсіх сілавых структураў, пачнем з Вакульчыка і дададуць ахвочыя кіраўнікі сілавых структураў», – кажа Аляксандр Лукашэнка пачынаючы нараду.

Нарада працягвалася некалькі гадзінаў, але пра яе вынікі цягам дня інфармацыі не з’явілася. Палітолаг Андрэй Ягораў адзначае, што тры вылучаныя блокі паказваюць тры галоўныя праблемы цяперашняга дзяржаўнага кіравання:

«Відавочна, што гэтыя пытанні найбольш балючыя для ўладаў, і яны спрабуюць абмяркоўваць, як выйсці з гэтых крызісных з’яваў. А не абвяшчаецца нічога відаць таму што абʼявіць пакуль – нічога няма».

У нядзелю ўлады збіраюць вялікую акцыю ў Менску на знак падтрымання Лукашэнкі. Паводле паведамленняў з розных рэгіёнаў краіны, на прадпрыемствах масава адбываюцца сходы, дзе людзей угаворваюць паўдзельнічаць у мерапрыемстве – за грошы, адгулы ці пад пагрозай звальнення.

«За нашыя падаткі ўлада, якая не хоча змяняцца, спрабуе сагнаць людзей».

«Гэта ж людзі не самі хочуць, а іх возяць супраць іхнае волі».

«Але ж яны ўсё адно самі на гэта ідуць. Гэта рашэнне кожнага чалавека. Нават калі яно навязанае кімсьці, яно ўсё адно прынятае табой», – кажуць жыхары Віцебску.

У панядзелак ужо была спроба правесці праўладную акцыю адначасова з маршам пенсіянераў. Учора ж Аляксандр Лукашэнка абяцаў навесці парадак:

«У нядзелю ў Менску будзе наведзены парадак, бо яны па нядзелях пераважна ходзяць».

У гэтую нядзелю скончыцца тэрмін народнага Ультыматуму, які Святлана Ціханоўская абвесціла 12-га кастрычніка. На думку Андрэя Ягорава, ніякіх прыкметаў таго, што ўлады прыслухаюцца да патрабаванняў, не відаць:

«Няма ніякіх відавочных крокаў і зрухаў, акрамя тэндэнцыі да таго, што людзей выпускаюць з СІЗА, але яны застаюцца пад хатнім арыштам і крымінальныя справы з іх не здымаюцца. Гэта, безумоўна, пазітыўныя крокі, але гэта далёка да таго, што патрабуе грамадства, – вызваленне ўсіх палітычных зняволеных».

Сёння на тэлеграм-канале Святланы Ціханоўскай апублікаваныя гарантыі для тых, хто падтрымае ўсеагульны страйк у выпадку невыканання ўмоваў ультыматуму – уся магчымая дапамога ад фондаў салідарнасці:

«Гэта няпростае рашэнне. Але рашэнне, якое зменіць хаду гісторыі, не можа быць простым. І я не магу прыняць яго за вас. Але магу зрабіць усё, каб дапамагчы вам адважыцца. Я магу гарантаваць, што вы займееце ўсю магчымую падтрымку ад фонду «BySol», калі зазнаеце эканамічныя рэпрэсіі ці згубіце працу».

Калі ж законнасць у краіне адновіцца, адзначаецца ў заяве, скасуюцца ўсе звальненні, анулююцца штрафы і судзімасці.

«Не трэба гэтыя мітынгі, нічога не трэба, проста дай нармальныя заробкі, і людзі супакояцца».

«Ужо вельмі шмат павыходзілі – і пенсіянеры, і студэнты, і медыкі – усе. Я лічу, што гэта – не прэзідэнт, мы падтрымалі іншага прэзідэнта. Жыве Беларусь!».

«Што творыцца – гэта абсурд у нашай краіне. Так што 26-га ўсе выходзім на вуліцу і адстойваем свае правы», – кажуць віцябляне.

На думку Андрэя Ягорава, цяпер людзі гатовыя да супольных дзеянняў і чакаюць відавочнага плану.

Ірына Дарафейчук belsat.eu