Аб'ектыў 03.10.2018 35 адсоткаў беларускіх мужчын п’юць, каб «набухацца»


Паводле афіцыйнай карцінкі, дык кіраўнік краіны на кіламетр абмінае алкагольныя аддзелы і тытунёвыя кіёскі. Але паводле ўказаў, дык з краіны дзясяткаў легальных казіно ў Менску мы смела можам пашыраць турыстычны імідж і да раю для алкаголезалежных і аматараў паліць тытунь.

Жыхары Берасця распавядаюць:

«Я люблю сваю краіну за тое, што нас прэзідэнт дазваляе нам піць столькі, колькі мы хочам. А пакуль мы п’ём, мы, Беларусь і Расея, – непераможныя».

«Ну таму, што трэба хіба грошы зарабляць».

Пры фармальнай сферы адказнасці з боку Міністэрства гандлю ўсе важныя рашэнні аб акцызных таварах у краіне фактычна прымае асабіста Лукашэнка. Адное з апошніх – стварэнне прыватнай сеткі распаўсюду тытунёвай прадукцыі фірмаю «Энерга-Оіл». За бізнесам стаіць даўно набліжаны да Упраўлення справамі прэзідэнта Аляксей Алексін. Леанід Заіка, эканамічна аналітык:

«Дзяржава павінная адсюль сысці і даць разумным і свабодным людзям вырашаць – паліць там ці не. Калі мы ў гэтай тэме застаемся, то застаемся ў межах сацыялізму, аўтарытарнай ці таталітарнай сістэмы».

Пакуль дзяржава стварае ўмовы: улетку Аляксандр Лукашэнка нават змяніў межы Менску, каб на паўтара гектара зямлі новапаўсталая цыгарэтная вытворчасць плаціла менш падаткаў. Віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы тлумачыць такія паблажкі жаданнем ураду павялічыць экспарт цыгарэтнай прадукцыі. Але цягам года па ўсёй краіне маюць з’явіцца 2500 вось такіх шапікаў, як у Берасці:

«Мяне асабіста, вядома, трывожыць, што яны на кожным куце. Але нават калі ён будзе адзін, то і так людзі будуць няправільна паступаць».

«Тытунёвыя кіёскі і так паўсюль ёсць. Трэба нешта такое, апроч тытуню».

На фронце змагання з алкагалізацыяй беларусаў – таксама без зменаў. 2 гады таму Міністэрства аховы здароўя разам з МУС прынялі дакумент да 20-га года. Там і пра забарону продажу алкаголю ў начны час, якую днямі чарговы раз адмяніў Лукашэнка, і пра рост акцызаў, які меўся выклікаць істотнае падаражэнне. Але рост коштаў спыніўся, хоць афіцыйна заробкі выраслі. Леанід Заіка, эканамічна аналітык:

«Міністэрства аховы здароўя яму падпсавала за апошнія паўгода настрой. Крадуць, хабары, крыміналы, і таму ён ім тыкае тварам у падлогу. Тут перадусім асабісты момант».

І калі мы прывыклі, што Захад нас толькі вучыць дэмакратыі, то супярэчлівая сацыяльная палітыка ўладаў прывяла да таго, што офіс ААН у Беларусі ставіць адною з прыярытэтных задачаў сваёй дзейнасці ў нашай краіне – прыняцце ўладамі рашэнняў для зніжэння ўзроўню алкагалізацыі насельніцтва. Ёанна Казана-Вішнёвецка, пастаянная каардынатарка ААН у Беларусі:

«А яны дастаткова простыя: алкаголь павінен каштаваць даражэй, не павінен прадавацца маладым асобам, якія не паказваюць дакументу, а таксама не павінен быць дасяжны паўсюль, уключаючы запраўкі».

Каардынатарка ААН у Беларусі ў інтэрвʼю міжнароднай аглядальніцы БелаПАН Таццяне Каравянковай таксама падзялілася звесткамі, якіх не пабачым у афіцыйных беларускіх крыніцах. Кожны 4 падлетак мае досвед набыцця алкаголю без пашпарта, а кожны трэці беларускі мужчына рэгулярна спажывае алкаголь, каб увайсці ў стан глыбокага ап’янення.

Але гэта пра тых, іншых. Самы галоўны мужчына на экране дзяржканалаў – спартовец і без шкодных звычак.

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Фота: ITAR-TASS / Alexander Ryumin / FORUM

Глядзі таксама
Каментары