33 катэгорыі, якім пагражае дэфіцыт


Міністэрства гандлю пашырыла спіс сацыяльна значных тавараў, на якія кошты будуць рэгуляваць не прадаўцы, а чыноўнікі.

Напрыклад, на кілбасу. Але вяртанне да гэтай савецкай практыкі пакуль не азначае, што вернуцца шматгадзінныя чэргі, поўны дэфіцыт і талоны. Хаця перабоі з пэўнымі харчамі ці прадметамі гігіены могуць узнікнуць. Якія тавары будуць абмяжоўваць міністэрскія чыноўнікі?

Бегчы ў краму і скупляць соль, запалкі ды цукар пакуль не трэба. Але варта ведаць, што

сёння набыла моц пастанова Савету Міністраў, падпісаная прэм’ерам Раманам Галоўчанкам, аб пашырэнні спісу сацыяльна значных тавараў, на якія Міністэрства гандлю будзе выстаўляць максімальныя кошты.

У спіс дадалі маргарын, груцу, часнык, салодкі перац, мясныя субпрадукты і кілбасу – паўвэнджаную і варана-вэнджаную. Усяго там 33 пазіцыі, перадусім ежа: рыба, мяса, кансервы, малако і малочныя вырабы, яйкі, алей, хлеб, гарбата і крупы. Але ёсць і мыла, туалетная папера, дзіцячыя падгузкі ды жаночыя пракладкі.

Але такія законы эканомікі: калі дзяржава пачынае ставіць свае кошты нават для недзяржаўных крамаў, чакай дэфіцыту.

«Калі кошты будуць рэгулявацца, то некаторыя больш папулярныя тавары людзі або хутка расхапаюць, або вытворцы і прадаўцы будуць прытрымліваць гэтыя тавары, каб потым прадаць з нармальнай маржой. Калі сабекошт на тавары будзе расці, а кошт падымаць нельга, гэта можа справакаваць дэфіцыт. У выніку могуць знікнуць найбольш папулярныя тавары», – тлумачыць Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату».

А застануцца самыя непатрэбныя. Беларусы прайшлі гэта ў 2011-м, калі кіраўнік Нацбанку Пётр Пракаповіч ставіў ручныя кошты валютаў. Людзі мусілі выбіраць: або стаяць шмат гадзінаў па мяса па сацыяльным кошце, або купляць «мясны прадукт» – як тады казалі, рогі і капыты.

Цяпер урад змяніў тактыку: кошты рэгулююць не больш за 90 дзён.

«Улады трымаюць кошты, пакуль пагроза дэфіцыту не навісне, а тады яны, каб перадухіліць дэфіцыт, адпускаюць кошты і яны рэзка падскокваюць, нашмат больш, чым падскочылі бы без рэгулявання коштаў», – распавядае Станіслаў Івашкевіч.

Беларусы заўважылі рэзкія скачкі коштаў менавіта на сацыяльна значныя тавары: алей, гарбата, мяса.

Вось што кажуць жыхары Магілёва:

«Я звярнула ўвагу, што рэзка падаражэў раслінны алей. Практычна менш за 4 рублі не купіць».

«Алей падаражэў раза ў тры. Раслінны».

«Гарбата падаражэла, гэта тое, на што я звярнуў увагу, што кінулася ў вочы. А так усё падрасло».

«Мяса, свініна вельмі падаражэла. І курыца».

«Купляю штосьці танней, косткі і такое ўсё. Што я магу купіць за сваю пенсію? За кватэру заплаці, таблеткі купі? І што купляць? На каўбасы не гляджу ўжо».

У вяртанне жорсткага дэфіцыту апытаныя «Белсатам» магілёўцы не вераць. Але адмыслоўцы папярэджваюць: гэты сцэнар можа вярнуцца, калі ўрад пачне друкаваць не падмацаваныя таварам, пустыя рублі, каб падвысіць заробкі бюджэтнікам.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu