«Эканамічны цуд» адбыўся. Але не паўторыцца


Мінае год ваеннага камунізму, калі кіраванне эканомікаю вялося не ў камерцыйных, а ў ідэалагічных мэтах. Гэтак акрэсліў 21-год эканаміст Яраслаў Раманчук з рэмаркаю, што сёлета эканоміцы рэжыму моцна дапамог небывалы попыт на сусветным рынку. Беларусь прадала назапашаную ў першы год пандэміі прадукцыю, і валютная выручка з яе ўзмацніла рубель. Якою была сёлетняя эканоміка і што будзе далей?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ранішнія чэргі рассмакталіся, а з імі і некалькі соцень рублёў зніклі з гаманца… Першую сотню ўкінулі ў навагоднюю вячэру, другую – у святочныя строі, трэцюю – у падарункі блізкім. Асартымент пад Новы год вырас разам з попытам і інфляцыяй. Апошняя – афіцыйна на 10 %.

«Фактычна ж інфляцыя ў два разы большая. Так што інфляцыя з’ядала даходы, зʼядала набыўную вартасць, зʼядала зберажэнні. Тым людзі, якія трымалі грошы на рублёвых дэпазітах, безумоўна, не кампенсавалі інфляцыю», – кажа кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

На дэпазітах беларусаў у 2021-ым годзе захоўвалася каля Br 8 млрд у эквіваленце, якія падтрымлівалі ўстойлівасць банкаўскай сістэмы. Рубель, які цягам года нават вырас у адносінах да долару, выклікаў давер больш чым у траціны насельніцтва, паводле Яраслава Раманчука.

Прагнозы Сусветнага банку, зробленыя на пачатку года, бадай, упершыню не спраўдзіліся. Замест падзення на 2,2 % Валавы ўнутраны прадукт краіны вырас прыблізна на такі адсотак. Цуд у выглядзе 35 % росту экспарту здарыўся дзякуючы пасляковіднаму попыту на сусветным рынку, кажа Ірына Сазановіч – сябра эканамічнай каманды Ціханоўскай:

«Не хапала гэтых прадуктаў. Экспарт рос. Сярод гэтых прадуктаў – драўніна, цэны на якую сёлета ўзраслі на сусветным рынку ажно ў некалькі разоў. Таксама гэта былі металы і калійныя ўгнаенні, якія выраслі ў цане ў гэтым годзе. Варта адзначыць, што гэта не заслуга рэжыму».

Парушаючы правы і свабоды беларусаў Лукашэнка эканоміцы адно нашкодзіў. Пачалі дзеяць эканамічныя і сектаральныя санкцыі супраць прадпрыемстваў-фінансістаў рэжыму. У спісе – флагманы айчыннай вытворчасці нафтапрадуктаў, калійных і азотных угнаенняў. Каб укрыць схемы абыходу абмежаванняў, «Белстат» схаваў 1/3 частку эканамічных звестак. Пазітыўныя дадзеныя публікуе своечасова.

«2021 год быў апошнім, калі ён (Лукашэнка – заўв. Рэд.) яшчэ давёў да павышэння сярэдняга заробку і пенсіі. У наступным годзе гэта ўсё абернецца высокімі тарыфамі, новымі падаткамі – на кватэры, на новыя тавары, пагаршэннем падатковага стану для прадпрымальнікаў. Так што тых, хто зарабляе і жадае весці бізнес у Беларусі будзе значна менш», – прагназуе Яраслаў Раманчук.

Арцём Моладаў – з тых, хто ўжо зʼехаў з краіны. Колішні гомельскі бізнесовец сярод стваральнікаў Асацыяцыі беларускага бізнесу ў Кіеве. Кажа, падтрымліваць будзе каго.

«Рэжым не ведае дзе браць грошы на ўтрыманне арміі і ўсяго астатняга. Калі прадпрыемствы не працуюць, яны бачаць, дзе ёсць грошы і спрабуюць выціснуць апошняе», – кажа Арцём Моладаў.

З вышыні сённяшняга дня эксперты абяцаюць эканоміцы запаволенне. У годзе 2022 годзе інфляцыя пойдзе ўгару, рубель згубіць часовую стабільнасць, а выдаткі бюджэту на сацыяльныя патрэбы – зменшацца на фоне далейшага росту даходаў дзяржаўна-сілавога апарату. Супраць шараговага грамадзяніна спрацуюць і контрсанкцыі Менску.

«У выніку адміністратыўных забаронных захадаў болей якасная і танная прадукцыя будзе замяшчацца меней якаснаю і болей дарагой», – цвердзіць навуковы працаўнік Цэнтру BEROC Алег Мазоль.

Сярод пастак наступнага года могуць аказацца і зберажэнні ў рублях.

«Ёсць такі спецыяльны фонд, які нібыта гарантуе ўсе дэпазіты, але мы ведаем, што ўлады ўжо пачалі выкарыстоўваць гэтыя грошы ў іншых кірунках», – папярэджвае Ірына Сазановіч.

Асобе, якая ўтрымлівае ўладу сёлета ўдалося атрымаць у Расеі ў чатыры разы меншую, чым сусветная цану на газ – $ 128,5 за 1000 кубаметраў. Аднак да яе дачэплены палітычны рахунак у выглядзе інтэграцыйных дамоваў, пад якімі налета давядзецца ставіць подпіс. Хоць 12 месяцаў таму эксперты цвердзілі, што падпісанне дарожных мапаў непазбежнае ў годзе, з якім развітваемся.

Юлія Цяльпук, «Белсат»