Бацькоўскі боль – цана навучання не вырашае якасці


31-га жніўня. Заўтра пачатак навучальнага года, але ці гатовыя да яго школьнікі і студэнты сацыяльнай дзяржавы? Рыхтуючыся да 1-га верасня ў гэтым месяцы бацькі бачылі рост коштаў на канцтавары нават удвая, змагаліся за ўзор школьнай уніформы для сваёй школы, расстроіліся, што харчаванне будзе даражэйшае на 13 адсоткаў. І ўздыхнулі з палёгкаю, даведаўшыся, што падручнікі ў гэтым сезоне падаражэюць нязначна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

31-га жніўня збор дзяцей у школу скончыўся, а разам з ім у некаторых бацькоў скончыліся грошы ў гаманцах. Калі зарабляеш Br 600 рублёў і такую ж цану мае якасны класічны касцюм для старшакласніка – то і не дзіва, што карыстаюцца школьнікі не толькі новымі рэчамі.

«Шмат рэчаў мы ўзялі ў знаёмых. Некаторыя рэчы з мінулых гадоў таксама засталіся. Намагаліся набываць мінімум новых рэчаў», – ананімна каментуе бацька дваіх школьнікаў.

Афіцыйна памер выдаткаў бацькоў на патрэбы школьнікаў Менгарвыканкам публікаваў пяць гадоў таму. У 2017 годзе сабраць у школу дзіця пачатковых класаў у сярэднім каштавала Br 455 рублёў, дзіця старэйшых класаў – Br 505 рублёў. Гэтыя выдаткі складалі каля 60 % сярэдняга заробку.

Эканамістка з Беларусі, імя якой пакідаем у таямніцы, падлічыла, што ў 2022 годзе гэтыя 60 % у грашовым выражэнні выраслі ўдвая. Цяпер за падрыхтоўку да навучальнага года на аднаго вучня аддамо каля Br 1000 рублёў.

Гэта ў сярэднім. Калі ж казаць пра мінімум:

«На дваіх дзяцей, груба кажучы, выдаткі склалі (не ўлічваючы сшыткаў і гэтак далей, а толькі адзенне і абутак) у раёне Br 1000-1200 рублёў. Гэта мінімальная сума, якую трэба аддаць у гэтым годзе», – кажа той жа бацька.

Пасля бацькоўскага сходу настаўнікі дадуць на рукі спіс канцылярскіх тавараў, якія трэба будзе дакупіць: камплекты падручнікаў, тэматычныя і лабараторныя сшыткі, атласы, контурныя мапы… Магчыма, што таксама грошы на рамонт класу ці школы, а ў некаторых выпадках – і на мыйныя сродкі.

Былы выкладчык ліцэю БДУ кажа, што там пабораў не было, але як бацька, ён ведае, што гэта такое.

«Пачынаецца ўсё, па вялікім рахунку, з дзіцячага садка, калі ты аддаеш сваё 3-гадовае дзіця. І табе кажуць «каб было ўсё добра трэба яшчэ такія і такія рэчы набыць… Калі ты пачынаеш гэта рабіць, то потым ставішся да гэтага як да нормы. І вось ужо ў сёмым класе ты набываеш там… вадкакрыстлічны экран у клас, хоць, магчыма, гэта і не самае важнае», – кажа Ігар Варакса.

Выкладчык і кандыдат фізіка-матэматычных навук браў удзел у тэставанні якасці беларускай адукацыі і кажа, што яна адстае ў развіцці ад усіх суседзяў. Выкладчык Ягор Сурскі, які працаваў у сістэмах адукацыі Беларусі, Італіі, Славеніі, а цяпер – Польшчы, звяртае ўвагу бацькоў:

«Людзі фармальна падыходзяць да навучальнага працэсу. Што »трэба сабраць, выправіць дзіця ў школу. Зразумела, што гэтыя сродкі дастаткова вялікія. Але нават калі бацькі іх і знаходзяць, гэта праблему навучання не вырашае», – мяркуе кіраўнік кансультацыйнага пункту для бацькоў і дзяцей з Беларусі пры «Акадэміі Добрай Адукацыі».

На думку Ягора Сурскага, адток якасных кадраў за мяжу, уніфікаванасць і стандартызаванасць адукацыі – бацькоўскі боль, мацнейшы за школьныя зборы.

«Бацькі збольшага ўсведамляюць, што ў адукацыю трэба інвеставаць. Але інвестыцыі магчымыя толькі ва ўмовах свабоднага выбару. Калі яны могуць абраць пэўную навучальную ўстанову. Калі такога выбару няма, інвестыцыі адбываюцца па-за сістэмаю адукацыі і яны, як правіла, вымушаныя. Гэта ў першую чаргу інстытут рэпетытарства», – звяртае ўвагу выкладчык.

Перад экзаменамі праз рэпетытарства кошты навучання робяцца сапраўды адчувальнымі для многіх, хто разлічвае пасля школы паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову. І, дарэчы:

«Рыхтаванне студэнтаў да навучальнага года абыходзіцца танней, чымся рыхтаванне школьніка. Студэнт не мае патрэбы ў абавязковым форменным адзенні, няма абавязковых падручнікаў і метадычных сшыткаў. Большасць метадычных матэрыялаў ёсць у бясплатным доступе ў інтэрнэце і ў бібліятэках ВНУ», – ананімна кажа эканамістка з Беларусі.

Эканамістка адзначае, што студэнты, як правіла, не здаюць грошай на мыйныя сродкі і на рамонт аўдыторыяў… Вядома, што танней будзе пры ўмове, калі навучанне бясплатнае і ёсць магчымасць жыць удома ці ў інтэрнаце.

Юлія Цяльпук, «Белсат»