Чаму беларусы не давяраюць вакцынацыі?


С.1.2 – гэта назва новага штаму каронавіруса. Паводле навукоўцаў, ён павышана агрэсіўны і павышана ўстойлівы да вакцынаў. У якія краіны ўжо пранік гэты варыянт каронавіруса? Чым пагражае і ці можна яму супрацьстаяць? Высвятляла Каця Малей.

Заўтра пачнуць масава прышчапляць студэнтаў ад каронавірусу. На базе пунктаў здароўя кожнай вышэйшай навучальнай установы Беларусі арганізуюць пункты вакцынацыі.

«Тое, што цяпер вакцынуюць студэнтаў, а гэта значная і актыўная частка грамадства, кажа пра тое, што праблемы з тэмпамі вакцынацыі навідавоку. Гэта адзін са спосабаў, каб яе паскорыць», – кажа журналістка «БелаПАН» Таццяна Бублікава.

Упершыню Міністэрства аховы здароўя пачало даваць статыстку прышчэпак паводле вобласцяў. Лідаруе ў ёй Менск. Першую дозу вакцыны атрымалі каля 17% беларусаў, няпоўныя 14% завяршылі курс вакцынацыі.

«Спачатку дзяржава казала, што ніякага ковіду няма, што людзі, якія паміраюць, самі вінаватыя. А людзі бачылі зусім іншае. Быў недавер да статыстыкі (і ён застаўся), недавер да колькасці смерцяў. І вось гэты агульны недавер, які зʼявіўся дзякуючы паводзінам дзяржавы і дзяржаўных інстытутаў, цягне за сабой недавер да вакцыны, асабліва да вакцыны, зробленай у Беларусі», – адзначае Таццяна.

Hавiны
Прататып беларускай вакцыны ад каронавіруса зрабілі. Ёсць нюанс з новымі штамамі
2021.08.12 14:14

Для параўнання, больш за дзве траціны дарослага насельніцтва Еўразвязу цалкам прышчэпленыя супраць COVID-19.

«Гэта вялікае дасягненне, якое сапраўды паказвае, што мы можам зрабіць, калі мы працуем разам. Але пандэмія не скончылася, і мы павінны заставацца пільнымі. Нам трэба яшчэ шмат вакцынаваных еўрапейцаў, каб пазбегнуць новай хвалі інфекцыяў і спыніць зʼяўленне новых варыянтаў», – заяўляе прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Урзуля Фон Дэр Ляен.

Новы штам каронавіруса з павышанаю ступенню мутацыі – C.1.2 – выявілі ў Новай Зеландыі. У краіне праз гэта абвесцілі жорсткі локдаўн. Паводле навукоўцаў, новы штам можа валодаць павышанай агрэсіўнасцю.

Hавiны
Што такое штам і ці стане каронавірус больш смертаносным? Тлумачыць эпідэміёлаг
2021.06.26 18:00

«Калі раней інкубацыйны перыяд складаў 7–10 дзён, то цяпер – ад трох да пяці. Пачатак захворвання робіцца больш востры», – адзначае прафесар кафедры інфекцыйных хваробаў (Украіна) Аляксандр Дуда і дадае: «Цяпер мы кажам пра тое, што хварэюць маладыя людзі, у тым ліку 20-ці – 30-ці гадоў. Гэта імунакампетэнтныя людзі, то бок стан імуннай сістэмы ў іх дастаткова нармальны. І захворванне працякае за больш кароткі перыяд часу, прыводзячы ў тым ліку да смерці цягам 5-ці – 7-мі дзён».

Тым часам у Расеі назіраюць рост смяротнасці ад COVID-19 праз распаўсюд іншага штаму – дэльта. Паводле афіцыйных звестак, толькі ў ліпені лік памерлых, заражаных каронавірусам, перавысіў 50 тысяч асобаў.

Hавiны
У беларускіх навучальных установах задумалі «прапускны фільтр» ад каронавірусу
2021.08.31 18:47

Каця Малей, «Белсат»