Еўропа падрыхтавала чарговы санкцыйны ўдар па Расеі


Расея страціць $10 млрд ад транспартавання прададзенай нафты морам і яшчэ $12 млрд – ад трубаправоднага экспарту ў Нямеччыну і Польшчу. Такім будзе вынік нафтавай часткі 6-га санкцыйнага пакету, які прынялі дзяржавы Еўразвязу, каб не фінансаваць расейскай агрэсіі ва Украіне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Разам з тым грошы страціць і Беларусь – бо спыніцца транзіт сыравіны праз беларускую частку трубаправоду «Дружба». Што яшчэ паклалі Пуціну ў санкцыйны пакет?

Кіраўнікі дзяржаваў Еўразвязу ўсё ж дамовіліся пра санкцыі за вайну Расеі ва Украіне. Дзве траціны расейскай нафты трапяць пад эмбарга. «Сбербанк» адключаць ад галоўнай міжнароднай плацежнай сістэмы. Уводзяцца новыя персанальныя санкцыі на атачэнне Пуціна.

«Шосты пакет санкцыяў вельмі важны, бо пад абмежаванні трапляюць больш за 80 алігархаў і тры расейскія тэлеканалы, ад плацежнай сістэмы SWIFT адключаць галоўны расейскі банк, які рэпрэзентуе 35 адсоткаў расейскага рынку. І ўводзяцца санкцыі на расейскую нафту», – заявіў у Бруселі прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Тэлефонныя размовы кіраўнікоў Францыі і Нямеччыны з Пуціным таксама былі тэмай саміту Еўразвязу ў Бруселі, якія ў панядзелак зацягнуліся да позняй ночы. А ў аўторак эмбарга на расейскую нафту прывітаў нямецкі бізнес – кіраўнік Федэральнага аб’яднання нямецкай прамысловасці Зігфрыд Русвурм заявіў, што трэба яшчэ ўзмацніць доўгатэрміновыя санкцыі, каб ударыць па агрэсару. Гэтаксама кажуць і аўстрыйскія суседзі.

«Рашэнне аб нафтавым эмбарга – гэта крок, які дакладна будзе балючым для некаторых дзяржаваў Еўразвязу. Але варта быць рэалістамі: боль, які мы адчуваем, немагчыма параўнаць з пакутамі ўкраінскага народу», – падкрэсліў федэральны канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр.

Вугорскі прэмʼер Віктар Орбан патрабаваў выключэнняў з эмбарга, бо ягоная дзяржава цалкам залежыць ад расейскай нафты.

Таму пакуль што Еўразвяз не заблакуе галіну трубаправоду «Дружба», якая праз Украіну ідзе ў Вугоршчыну, Чэхію і Славаччыну. Але гэта часовы кампраміс, кажуць у Еўразвязе.

«У нас ужо ёсць план забараніць 90 адсоткаў імпарту расейскай нафты ў Еўразвяз. Да канца гэтага года мы будзем купляць на 90 адсоткаў менш. Ёсць толькі некалькі выключэнняў для дзяржаваў без выхаду да мора. Мяркую, гэта разумнае выйсце з дыскусіі», – патлумачыў у аўторак кіраўнік дыпламатыі Еўразвязу.

Жузэп Бурэль нагадвае, што Еўразвяз – галоўны рынак для Расеі. А эксперты энергетычнага рынку ўпэўненыя, што цяпер Масква будзе вымушаная прадаваць гэтыя абʼёмы морам і з вялікімі зніжкамі. Напрыклад, Індыя раней прымусіла Расею да вялікіх нафтавых скідак.

Эмбарга на расейскі прыродны газ пакуль немагчымае: не гатовая інфраструктура. Аднак «Газпром» сам страляе сабе ў трубу – дзяржаўны манапаліст спыніў пастаўкі ў Данію і Нідэрланды, бо тыя не хацелі парушаць кантракты і плаціць Маскве ў рублях.

«Ніхто не хоча купляць энерганосьбітаў у Расеі. Расея – гэта варварская дзяржава, на якую зусім немагчыма разлічваць. Расея аказалася не толькі несумленным партнёрам, але і злачыннаю дзяржаваю», – заявіў журналістам польскі прэм’ер Матэўш Маравецкі.

У аўторак саміт Еўразвязу працягнуўся абмеркаваннем харчовай бяспекі – у сувязі з блакадай украінскіх партоў расейскім флотам.

«Турцыя можа быць прыцягнутая для экспарту зерня з Украіны морам, бо цяпер няма наземнага калідору з Украіны ў Румынію і Балгарыю да Чарнаморскага ўзбярэжжа. Можна ўявіць іншы калідор да Польшчы і дзяржаваў Балтыі. Хтосьці казаў пра калідор у Беларусь, але гэта значыць змены ў санкцыях, а мы іх не разглядаем. І, нарэшце, марскі шлях праз Адэсу. Але для гэтага трэба будзе размініраваць акваторыю і забяспечыць там навігацыю, але не даць Расеі скарыстацца магчымасцю атакаваць Адэсу», – пералічыў варыянты, закранутыя на перамовах, Жузэп Бурэль.

Афіцыйная Масква абяцае гарантыі для вывазу зерня з Адэсы, каб у Афрыцы не было голаду.

«Для гэтага неабходна, каб украінскія прадстаўнікі размініравалі прыбярэжныя воды ў тэрытарыяльным моры Украіны, і якія былі замінаваныя… У адкрытым моры ВМС РФ забяспечаць бесперашкодны праход гэтых караблёў у Міжземнае мора і далей да пунктаў прызначэння», – заявіў сёння Сяргей Лаўроў, міністр замежных справаў РФ.

Гэтых праблемаў можна пазбегнуць, калі Уладзімір Пуцін перастане кіраваць Расеяй, перакананы кіраўнік польскага ўраду. Але цяпер галоўная задача – захаваць незалежную Украіну.

«Калі Еўропа і свабодны свет прайграюць гэтую бітву, прайграюць гэтую вайну, мы ніколі не будзем у бяспецы, а заўжды будзем мець пагрозы і шантаж Пуціна», – падкрэсліў Матэўш Маравецкі ў інтэрвʼю SkyNews.

Кіраўнікі дзяржаваў Еўразвязу адзначаюць, што недастаткова быць моцнай гандлёвай, грамадзянскай і юрыдычнай сілай – трэба набіраць вайсковую моц. І ў межах блоку NATO, і ў праграме вайсковай супрацы сілаў Абʼяднанай Еўропы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»