Суды ў панядзелак: часам не да правасуддзя


Фігуранты «справы Ціханоўскага» выступілі з апошнім словам у судзе Кастрычніцкага раёну Горадні. Падчас прамовы Дзмітрый Фурманаў заявіў пра прававы дэфолт у краіне, Яўген Разнічэнка назваў усё правакацыяй і папрасіў яго апраўдаць, а Уладзімір Кніга быў сціслым і выгукнуў «Жыве Беларусь!». Усіх трох затрымалі на пікеце для збору подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай год таму ў Горадні. На тым жа пікеце затрымалі і Ціханоўскага.

«Вы ведаеце, хаця б была б праўда, сумленнасць, адкрытасць, і ўсе б зразумелі, што і як, усе б зразумелі, але тут увогуле атрымліваецца нейкая незразумела гульня ці што», – непакоіцца маці Дзмітрыя Вольга Фурманава.

Бацькі Дзмітрыя Фурманава турбуюцца і аб фізічным стане сына. Маўляў, ён ужо 26 дзён адбыў у карцары і яму далі яшчэ 8.

«Мы, вядома ж, з жонкай вельмі перажываем, мы да такой ступені знерваваліся, стаміліся проста. Не кажучы пра тое, што Дзіма – ён жа не ў санаторыі, ён у турме. І яшчэ да таго гэтыя карцары – адміністрацыя чапляецца з нагоды і без нагоды», – адзначае бацька Дзмітрыя Аляксандр Фурманаў.

У Маскоўскім раёне Берасця суддзя Вера Філонік пачала працэс над другою групаю людзей у «пінскай справе». На лаве падсудных апынуліся 11 асобаў. Пінчукоў вінавацяць паводле крымінальнага артыкулу – удзел у масавых беспарадках 9–10 жніўня летась.

«Абвінавачванне смехатворнае, я загадзя магу сказаць, што тэрміны зноўку будуць пачварныя, не адпаведныя працэсу, сваякі гэтым разам ілюзіяў ужо не маюць, яны разумеюць усю перадузятасць нашага судовага працэсу», – тлумачыць праваабаронца Вераніка Іванова.

Паводле праваабаронцы, першая група пінчукоў адрозніваецца ад другой нязначнасцю дзеянняў. Калі ў першай групе яшчэ былі асобы, якія хаця б трымалі ў руках рэйкі ад лавак або кавалкі бруку, то цяперашнім фігурантам ставіцца ў віну распырскванне мінералкі, сарваныя кветкі і пустая бляшанка ў руках.

«Сумленна кажучы, тое, што цяпер адбываецца ў судах, можа падрыхтаваць глебу для грамадзянскай вайны. Дакладна гэта не спрыянне нейкаму адзінству і згодзе», – кажа Вераніка Іванова.

За каментары ў тэлеграм-канале «Каратели Беларуси» другі раз спрабуюць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці Аляксея Ліпеня. 13 красавіка суддзя Заводскага раёну Менску Алег Каляда ўжо пакараў Аляксея 5 гадамі «хіміі» нібыта за абразу і пагрозу міліцыянту. Сёння ў тым жа судзе разглядалі новыя эпізоды старой справы. Аляксей прызнаў сваю віну. Хоць пракурор і патрабуе двух з паловаю гадоў абмежавання волі, але за кошт паглынання меншага пакарання большым тэрмін застанецца ранейшым – 5 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову.

«Нават адвакат у судзе ўдакладніў, што гэтыя 3 эпізоды праходзілі ў той жа часавы адрэзак, што і першыя эпізоды ў першым судовым паседжанні. Агульная сума позваў цяпер, якая ляжыць на разглядзе ў суддзі, – гэта 2 тысячы рублёў», – каментуе брат абвінавачанага Мікіта Ліпень.

Марыя Несцерава 7 месяцаў чакала свайго суда ў СІЗА. Праз сваю грамадзянскую пазіцыю жанчына стала фігуранткаю крымінальнай справы аб арганізацыі масавых беспарадкаў. Падтрымаць жанчыну прыйшло шмат людзей, але на паседжанне пусцілі толькі адзінкі. Прычына традыцыйная – каронавірус.

«Першае, што ўвогуле шакавала, што Марыя была праведзеная ў кайданках. Кайданкі былі замацаваныя ззаду, нібыта гэта такі злачынца, які можа не проста збегчы ці аказаць супраціў», – кажа муж абвінавачанай Віктар Калесніковіч.

Жыхар Жабінкі Алесь Яраш быў пакараны 2 гадамі «хатняй хіміі» за абразу Лукашэнкі. Паводле следства, мужчына яшчэ летась размясціў у адным з тэлеграм-каналаў паведамленне абразлівага характару і гэтая інфармацыя стала даступнай неабмежаванаму колу людзей.

Ірына Карніенка, «Белсат»