Мікалай Статкевіч як год за кратамі


Роўна год Мікалай Статкевіч утрымліваецца за кратамі ды ўсцяж чакае суда. Яго затрымалі на старце выбарчай кампаніі – падчас збору подпісаў за вылучэнцаў. Крымінальную справу распачалі паводле двух артыкулаў: за арганізацыю і рыхтаванне да пратэстаў.

За што зняволены палітык? Альтэрнатыўныя меркаванні на гэты конт маюць жыхары Гомля.

«За палітычныя ідэі, за ўласныя думкі, якія ён выражаў»

«Беззаконнасць у нас у краіне адбываецца. Тым больш ведаючы, што Статкевіч і дагэтуль некалькі тэрмінаў адбываў, доўгіх тэрмінаў, думаю, шмат несправядлівасці ў нас у краіне».

«Значыць, у чымсьці вінаваты, таму і сядзіць ён. Значыць, усё слушна», – кажуць жыхары і госці Гомля.

Мікалая затрымалі па дарозе на пікет Святланы Ціханоўскай. Двойчы далі 15 содняў арышту. Але пасля іх палітык на волю гэтак і ня выйшаў. Жонцы Мікалая, Марыне Адамовіч, удалося пабачыць мужа толькі цяпер. На спатканне спадзявацца нават баялася… У гомельскую турму ехала хутчэй, каб пераканацца, што муж сапраўды там.

«Але калі я пачула, што сваякам аднаго з нашых фігурантаў далі спатканне… Ну, а паколькі мы на сувязі, то мне паведамілі пра гэта. У мяне нарадзілася такая вар’яцкая надзея. Я сябе так… Не настройвайся, таму што потым будзе вельмі балюча. Але вось усё ж такі яно адбылося», – распавядае жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.

У кожным лісце Мікалай падтрымлівае сваю жонку. «Трымайся, родная», – піша ён. Але апошнімі месяцамі яны зноў прыходзяць з перабоямі, кажа Марына Адамовіч. Перасталі аддаваць Мікалаю і часопісы, якія выпісалі для яго. Казалі, што пасля этапу вернуць. Падманулі.

Пішуць жа Мікалаю шмат: на волі палітыка чакаюць ня толькі родныя і блізкія, але і тыя, хто натхняўся ягонымі ідэямі.

«Мікола Статкевіч – гэта поўная процілегласць Лукашэнкі. Мікола Статкевіч жыве для радзімы. З 1991 года, з таго часу як ён стварыў Беларускае згуртаванне вайскоўцаў, і да сённяшняга дня ён усё робіць, каб Беларусь была вольнаю, каб Беларусь квітнела», – кажа кандыдатка пратэсту паводле стратэгіі Мікалая Статкевіча Вераніка Мішчанка.

Мікалай Статкевіч быў кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Летась ён сфармаваў каманду кандыдатаў пратэсту, дапамагаў Сяргею Ціханоўскаму. На пачатку траўня стала вядома, што ягоную справу перадалі ў Вярхоўны Суд. Для Мікалая Статкевіча гэта можа быць трэці крымінальны тэрмін.

Надзея Бельская, «Белсат»