Эксперты прааналізавалі звесткі «Белстату» адносна змяншэння на 94 тысячы насельніцтва Беларусі


Неўлічаных Нацыянальным статыстычным камітэтам Беларусі мігрантаў можа быць сотні тысяч. А рэальная колькасць насельніцтва – блізкая да 9-ці мільёнаў. Эксперты, якія працуюць з дэмаграфіяй, прааналізавалі звесткі «Белстату» адносна змяншэння на 94 тысячы насельніцтва Беларусі. Што хаваецца пад гэтаю лічбаю – эміграцыя ці смерць?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Звесткі пра асобаў, якія прыбылі ў Беларусь і тут зарэгістраваліся – дакладныя. Агульнай статыстыкі, якая паказала б – колькі асобаў пакінулі Беларусь – не існуе.

Напрыклад, са жніўня 2020-га да канца 2021-га толькі ў Польшчу (і толькі паводле гуманітарнай візы) пераехалі 23 тысячы беларусаў. Выехалі таксама дзясяткі тысяч працоўных мігрантаў і частка з тых 150-ці тысяч уладальнікаў «карты паляка», якія раней пражывалі ў Беларусі.

«Яны карысталі гэтую «карту паляка» як інструмент, праз які можна атрымаць візу і часцей ездзіць у Польшчу. З 2020-га года, я дапускаю, што велізарная колькасць людзей, якія мелі сабе ў загашніку гэтую карту паляка і збольшага не карысталі для сталага жыхарства ў Польшчы, пачалі перабірацца ў Польшчу», – кажа эксперт іSANS Андрэй Елісееў.

«Белстат» жа цвердзіць, што з улікам памерлых у 21-ым годзе насельніцтва краіны скарацілася на 94 тысячы.

«Ёсць велізарны недаўлік людзей, якія выязджаюць з краіны. Большасць з іх не праходзяць патрэбныя працэдуры дзеля таго каб Міністэрства ўнутраных справаў улічыла іх у статыстыцы. Менавіта таму гэтая лічба «Белстату» за 2021 і любы іншы год не далічвае тысячы беларусаў, якія эмігруюць», – кажа Елісееў.

Калі аднак прыглядзецца да падлікаў нацыянальных статыстыкаў, убачым, што за 2021 год насельніцтва скарацілася на рэкордныя 94 тысячы чалавек. У 20-ым годзе – на 60 тысяч і на 30 – у годзе 2019-ым.

Пасля перапісу ў кастрычніку 2019-га года мы страцілі 158 тысячаў жыхароў краіны. Даследнік «EAST Сenter» і эксперт іSANS кажа, што гэтыя лічбы адлюстроўваюць розніцу паміж смяротнасццю і нараджальнасццю, дзе памерлых – відавочна больш. Прычына, якая на паверхні – гібель людзей праз каронавірус.

Прычынаў незафіксаванага «нацстатам» пераезду людзей з Беларусі – некалькі. Генадзь Коршунаў з Цэнтру новых ідэяў рабіў даследаванне, якое паказала:«Глыбінная прычына пераезду ўсё адно была палітычная. Людзі казалі, што ва ўмовах Беларусі, якая пад Лукашэнкам, нельга ні вучыцца, ні працаваць. Распаўсюджаны адказ “не хачу, каб мае дзеці жылі пад Лукашэнкам“. Гэта не наўпрост палітыка, але гэта ўсё роўна неўспрыняцце рэжыму».

У апошнія два гады адным з асноўных чыннікаў пераезду ва Украіну, Грузію і дэмакратычныя краіны Захаду сталася чыстая палітыка – уцёкі праз рэпрэсіі і ратаванне бізнесу, асабліва ў 2021-ым годзе. Пасля пачатку вайны набірае моц чарговая хваля міграцыі.

«Эканамічныя чыннікі пачалі працаваць. Я ведаю, што шмат якія замежныя кампаніі адмаўляюцца працаваць з тымі кампаніямі, якія маюць офіс у Менску (Беларусі агулам – заўв. Рэд.) Я думаю, калі не ўсе міграцыйныя плыні, то значная іх частка, будуць пераарыентаваныя з усходу на захад», – Генадзь Коршунаў.

Хоць яшчэ да 2016-га году беларусы больш ахвотна абіралі Расею для эканамічнай міграцыі. У Еўразвяз пераязджалі збольшага, як уцекачы ці палітэмігранты.

Юлія Цяльпук, «Белсат»