Якія змены чакаюць беларусаў у красавіку і як гэта паўплывае на пратэставыя настроі?


Падаражэюць цыгарэты, зменіцца афармленне цэннікаў у крамах, а ўпрыгожанні можна будзе набыць праз інтэрнэт. Але галоўнае – у краіне мае не застацца нізкіх заробкаў ды абновіцца база так званых дармаедаў. Ці паўплываюць красавіцкія змены на дабрабыт беларусаў і на пратэставыя настроі?

Зноў па пяцьсот, але ўжо не долараў. Пасля 2-га красавіка ў краіне не павінна застацца арганізацыяў з заробкамі, меншымі за 500 рублёў. Ці маюць сёння такія заробкі, напрыклад, пінчукі?

«Паўгорада не атрымлівае такіх грошай».

«У цэлым, лічу, недастаткова высокі заробак, каб пражыць».

«У мяне 600 рублёў насамрэч, але пражыць цяжкавата. На асноўнае хапае, а больш ні на што», – адказваюць жыхары Пінску.

Дырэктарка школы маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA Наталля Рабава называе адсутнасць арганізацыяў з нізкімі заробкамі статыстычным цудам, бо большасць статыстычных звестак у нашай краіне хаваецца:

«Белстат калі гаворыць пра заробкі, пра сярэднія лічбы – яны без уліку мікраарганізацыяў. Мяркуючы па дадзеных Белстату, гэта праўда, але гэта не значыць, што такіх арганізацыяў не існуе», – кажа экнамістка.

Яшчэ адна ініцыятыва ўладаў рэалізуецца днямі: З 2-га красавіка ў крамах сэканд-хэнду нельга прадаваць новыя рэчы, бо пачынае дзеяць пастанова ўраду, прынятая напрыканцы мінулага года. На камеру прадаўцы дзеянняў уладаў не каментуюць, але адзначаюць, што для іх нічога не зменіцца, толькі павялічыцца колькасць дзяржаўных праверак.

Цягам першых трох тыдняў красавіка абнаўляецца база гэтак званых дармаедаў – працаздольнага насельніцтва, не занятага ў эканоміцы. З траўня ім давядзецца аплочваць паводле поўных тарыфаў не толькі гарачую ваду, як дагэтуль, але й ацяпленне ды газ. База дармаедаў – не новае рашэнне, чыноўнікі ствараюць яе з 2017-га года.

«То бок у іх ёсць заданне, яны павінны яго нейкім чынам выконваць, вось яны гэтым і займаюцца», – кажа Наталля Рабава.

Эканамічная эфектыўнасць ад базы наўрад ці падлічвалася, зазначае адмыслоўца, а колькасці незанятага ў эканоміцы насельніцтва ўлады не называюць. Пачатак жа барацьбы з так званымі дармаедамі сягае 2014-га года.

«Лукашэнка, распачынаючы кампанію барацьбы з дармаедамі, даў каманду прыстроіць усіх да працы да 1-га студзеня 2015 года. Ужо 2021 год, а барацьба працягваецца», – заўважае палітолаг Сяргей Нікалюк.

Прычына няўдачы ўладаў у гэтай барацьбе – неэфектыўнасць беларускай мадэлі. Але чарговае падвышэнне тарыфаў не выведзе людзей на пратэсты, бо не дае надзеі на перамогу, лічыць Сяргей Нікалюк. Праўда, трэба адрозніваць пратэст ад пратэставага настрою, адзначае палітолаг:

«Калі ў першым выпадку мы бачым, што пратэсты сышлі на нуль, і не апошнюю ролю адыгралі сілавыя метады, то колькасць людзей, якія адчуваюць, усведамляюць сябе ў апазіцыі да ўлады, я думаю, толькі расце».

Такім чынам, падкрэслівае палітолаг, сваімі дзеяннямі ўлады самі ствараюць сабе апазіцыю.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»