Павінны больш за 8 мільярдаў долараў. Беларусь – найбуйнейшы даўжнік Расеі


Масква і Менск рыхтуюцца да стратэгічных вучэнняў «Захад-2021», каб на беларускай і расейскай тэрыторыі супольнымі вайсковымі сіламі адпрацаваць абарону так званай Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. Пра гэта заявіў начальнік расейскага Генштабу на сустрэчы з беларускім калегам. Тым часам прэса абедзвюх дзяржаваў публікуе звесткі Сусветнага банку, паводле якіх Беларусь – лідарка сярод краінаў, якія пазычаюць грошы ў Расеі.

Беларусь – найбуйнейшы даўжнік Расеі. Паводле Сусветнага банку, на канец 2019 года нашая краіна была вінная ўсходняму суседу больш за 8 мільярдаў долараў. Пры гэтым у мінулым снежні мы ўзялі яшчэ мільярд крэдыту. Такім чынам маем звыш 9 мільярдаў доўгу.

Жыхары Менску кажуць:

«Мы залежым цяпер ад Расеі. Людзі ў нас мала разумеюць, што калі нешта мяняць, то трэба працаваць».

«Калі даюць, чаму не ўзяць?»

«Мы з вамі многага не ведаем. І ўсе гэты крыніцы інфармацыі – я не давяраю нікому».

«Расея для нас заўсёды была краінай, на якую мы заўсёды спадзяваліся, абапіраліся. Я думаю, што так будзе і далей. Расея нас не пакіне».

Агулам замежны доўг Беларусі складае 18 мільярдаў долараў. Гэта дастаткова нармальны ўзровень – кажа эканамістка Кацярына Барнукова. Аднак тое, што палову грошай мы вінныя Расеі, адлюстроўвае нашую залежнасць ад гэтай краіны і яе вялікі ўплыў на нашую эканоміку.

Апроч таго, пасля леташніх падзеяў і рэпрэсій, якія працягваюцца і цяпер, знайсці іншых замежных пазычальнікаў, акрамя Расеі ды, імаверна, Кітаю, практычна немагчыма.

«Нашая залежнасць не толькі ў лічбах доўгу, яна яшчэ і ў тых лічбах субсідый энергетычных, якія нам Расея давала і якія ў мінулым сягалі вельмі высокіх лічбаў – гэта магло быць некалькі мільярдаў кожны год», – кажа акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова.

На фоне ўсё большай залежнасці вяртаецца тэма інтэграцыі Беларусі і Расеі. Напярэдадні беларускі пасол Уладзімір Сямашка заявіў, што ў наступным месяцы могуць закончыць узгадненне ўсіх дарожных мапаў.

«21 мапа ўжо гатовая да падпісання. Засталося ўсяго сем мапаў. Да канца красавіка, я спадзяюся, яны будуць узгодненыя. І тады дарожныя мапы і праграму іх рэалізацыі магчыма будзе падпісаць у першай палове гэтага года», – паведаміў Сямашка.

Раней уніфікацыі заканадаўстваў Беларусь супраціўлялася. На думку рэдактара выдання «Белорусский ежегодник» Валерыі Касцюговай, перш за ўсё таму, што беларуская эканамічная мадэль агулам пабудаваная на тым, каб як мага менш адпавядаць сусветным эканамічным практыкам.

«У гэтым беларуская ўлада бачыць сваю незалежнасць – у тым, каб не лічыцца з эканамічнымі законамі, не мець міжнародных інстанцый, якія б маглі ім паставіць у віну парушэнне гэтых самых законаў», – зазначае Валерыя Касцюгова.

Дагэтуль не падпісаныя дарожныя мапы аб падатковым заканадаўстве, мытных пытаннях, газе, адзінай прамысловай палітыцы, сельскагаспадарчай палітыцы. Няма згоды аб мапе, што прадугледжвае адзіны рынак нафты і нафтапрадуктаў.

«Відавочна, што тыя мапы, якія змяншаюць нашыя магчымасці весці незалежную эканамічную палітыку, напрыклад, прапановы па ўвядзенні адзінай валюты, прапанова па ўніфікацыі падатковага заканадаўства, яны дастаткова моцна абмяжоўваюць нашую незалежнасць», – мяркуе Кацярына Барнукова.

Пра дарожныя мапы Лукашэнка раптоўна загаварыў у Сочы падчас сустрэчы з Пуціным у канцы лютага. Распрацаваныя яны былі пазалетась. Тады ж у Менску ды іншых гарадах адбыліся пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй.

Анастасія Русецкая «Белсат»