У Беларусі адбываецца гандаль палітвязнямі ў інтарэсах Швейцарыі


Швейцарыя плануе накіраваць у Менск свайго амбасадара, які ўручыць даверчыя лісты Лукашэнку. Пра гэта паведамляе швейцарская прэса. Пры гэтым афіцыйны Бэрн даўно далучыўся да санкцыяў Еўразвязу супраць дыктатуры Лукашэнкі. Разам з тым, за кратамі застаецца беларуска Наталля Хершэ, якая мае і швейцарскае грамадзянства. Яна абвесціла галадоўку ў знак пратэсту супраць катаванняў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Швейцарыя найбліжэйшым часам плануе накіраваць у Менск свайго амбасадара, які ўручыць даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку. Пра гэта першай паведаміла бэрнская газета Der Bund, якая атрымала пацверджанне ў Міністэрстве замежных справаў Швейцарыі. Рашэнне Бэрну раскрытыкаваў былы дыпламат Павел Латушка, бо такі крок фармальна азначае прызнанне легітымнасці Аляксандра Лукашэнкі. Адпаведны ліст Павел Латушка перадаў у Міністэрства замежных справаў Швейцарыі.

«Гэта не падыход да нейтралітэту, гэта заняццё пазіцыі дыктатарскага рэжыму. Дакладна мы перадалі нашую пазіцыю, у мяне адбылася сустрэча з амбасадарам Швейцарыі ў Варшаве», – патлумачыў «Белсату» кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Сапраўды, уручэнне даверчых лістоў дыпламатамі – гэта акт узаемнага прызнання кіраўнікоў дзвюх дзяржаваў, тлумачыць былы кіраўнік беларускай амбасады ў Бэрне Павел Мацукевіч:

«Швейцарыя – асаблівы выпадак. Гэта нейтральная дзяржава, якая ў шмат якіх канфліктах прадстаўляе інтарэсы не толькі свайго боку… Не варта пераацэньваць уручэння (ці неўручэння) даверчых лістоў: гэта ўсё ж больш сімвалічнае дзеянне, якое не развяжа беларускага крызісу і не зменіць рэальнай пазіцыі Аляксандра Лукашэнкі на міжнароднай арэне».

Паводле швейцарскіх журналістаў, урад пайшоў на гэты крок, каб дапамагчы палітзняволенай Наталлі Хершэ, якая мае беларускае і швейцарскае грамадзянства. Наталлю прыгаварылі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі за сарваную са спецназаўца балаклаву падчас аднаго з жаночых маршаў.

«Мы добра ведаем яе пазіцыю: яна не здалася і не прызнала сябе вінаватай. І калі Швейцарыя цяпер зробіць такі крок, уручыць даверчыя граматы, я не думаю, што гэта паўплывае на датэрміновае вызваленне. Але сама магчымасць наведваць Наталлю, магчымасць сустракацца з амбасадарам Швейцарыі – гэта выдатная магчымасць для яе», – распавёў «Белсату» брат Наталлі Генадзь Касьян.

«Фактычна мы тады будзем сведкамі сітуацыі, калі адбудзецца гандаль палітвязнямі ў Беларусі ў інтарэсах канкрэтнай краіны. Я дапускаю, што сапраўднай прычынай уручэння даверчых лістоў будуць бізнес-інтарэсы», – кажа Павел Латушка.

Як распавёў «Белсату» брат Наталлі Хершэ, яна праз тэлефон паведаміла, што распачынае галадоўку ў знак пратэсту супраць катаванняў. У магілёўскай турме Наталлю катуюць холадам – яна мусіць хадзіць у красоўках, а апрануць зімовыя боты ці валёнкі ёй адмаўляюць. Гэтаксама турэмная адміністрацыя забараніла палітзняволенай весці запісы ў дзённік, а частка яе рэчаў знікла падчас этапу з гомельскай калоніі. У Наталлі пасля затрымання значна пагоршыўся стан здароўя.

«З пятніцы з 6 гадзінаў да 22, да моманту адбою ў яе камеры радыёкропка была ўключаная на поўную гучнасць. Гэта аказвала на яе псіхалагічны ціск…

І яна сказала: Генадзь, калі гэта працягнецца, і яны не памяняюць нічога, то зранку ў нядзелю, то бок з учора, я абвяшчаю галадоўку. Зразумей правільна, гэта адзіны шлях, якім я магу выказаць свой пратэст супраць такога ўчынку», – распавёў брат палітзняволенай.

Сёння ж у Варшаве пад амбасадай Швейцарыі ў Польшчы адбылася акцыя пратэсту з мэтай нагадаць пра лёс Наталлі Хершэ і іншых палітвязняў.

А ў Менску, падобна, будзе зачыненая амбасада Злучаных Штатаў. Як даведаліся незалежныя беларускія журналісты, ведамства Уладзіміра Макея патрабуе ад дыпмісіі звольніць працаўнікоў з беларускім грамадзянствам. У жніўні Міністэрства замежных справаў запатрабавала, каб у амбасадзе працавала не больш за 5 чалавек. У Дзяржаўным дэпартаменце журналістам не пацвердзілі інфармацыі аб закрыцці, але і не абверглі яе.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».